Электразабеспячэнне аб'ектаў, пацярпелых ад снегападу, у Віцебскай і Мінскай абласцях будзе цалкам адноўлена да 14.00
3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Энергазабеспячэнне пацярпелых ад снегападу аб'ектаў у Віцебскай і Мінскай абласцях будзе цалкам адноўлена да 14.00. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
У шэрагу раёнаў Віцебскай і Мінскай абласцей 1-2 студзеня ў выніку стыхійных прыродных з'яў (моцныя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і ветру) спынялася энергазабеспячэнне значнай колькасці спажыўцоў. Усяго за два дні студзеня аварыйнаму адключэнню падвергліся 2410 трансфарматарных падстанцый, 1140 населеных пунктаў, 69 жывёлагадоўчых ферм.
Для ліквідацыі наступстваў стыхіі электразабеспячальнымі арганізацыямі Міністэрства энергетыкі была арганізавана кругласутачная праца рамонтнага персаналу. Усяго было задзейнічана больш за 800 чалавек, 198 брыгад, 264 адзінкі тэхнікі (вышкі, снегаачышчальная тэхніка, пазадарожнікі). Правядзенне аднаўленчых работ моцна ўскладнялася высокім снежным покрывам, які дасягаў 60-70 см, а ў асобных месцах і больш за 1 метра, заваламі дрэў, якія абрынуліся пад цяжарам снегу на лініі электраперадачы. Каардынацыю ўсіх аднаўленчых работ узначальваў аператыўны штаб, створаны ў Міністэрстве энергетыкі.
Прынятыя меры і арганізаваная праца працоўных калектываў галіны дазволілі ў максімальна магчымыя тэрміны ліквідаваць наступствы стыхійных з'яў – да раніцы 3 студзеня практычна ўсе спажыўцы электраэнергіі былі ўключаны. Па стане на 10.30, заставаўся не падключаным да энергазабеспячэння 21 аб'ект. У Мінэнерга запэўнілі, што да 14.00 энергазабеспячэнне будзе цалкам адноўлена.
Ход аднаўленчых работ знаходзіцца на асабістым кантролі ў прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча і яго першага намесніка Уладзіміра Сямашкі, адзначылі ў прэс-службе. -0-