Яшчэ 8 жанчын Віцебскай вобласці ўдастоены ордэна Маці
Матчынства – сапраўднае прызначэнне жанчыны. Колькі б ні дыктаваў сучасны свет імкнення да вышынь кар'еры, але самы галоўны поспех для слабой паловы чалавецтва – гэта дзеці. І няма прыгажэйшай карціны, чым бачыць усмешлівую шчаслівую маму, акружаную маленькімі сонейкамі, у якіх і заключаны сэнс яе жыцця…
Па добрай традыцыі ў аблвыканкаме на святочным прыёме, прысвечаным Дню маці, сабраліся жанчыны з усіх куткоў Прыдзвіння. Гэта тыя, хто прысвячае сябе выхаванню дзяцей, беражліва захоўвае сямейныя каштоўнасці, чыя праца з'яўляецца годным прыкладам і заслугоўвае самай высокай пахвалы. Менавіта такія словы прагучалі ў гэты дзень у адрас жанчын.
Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў адзначыў, што ў нашай краіне падтрымка сям'і, ахова мацярынства і дзяцінства з'яўляюцца прыярытэтнымі напрамкамі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Сёння сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, у адпаведнасці з заканадаўствам прызначаецца 10 відаў дзяржаўных дапамог. У Віцебскай вобласці дапамогу па доглядзе за дзецьмі да 3 гадоў атрымліваюць 35 тысяч сем'яў, выплачваецца адрасная сацыяльная дапамога малазабяспечаным сем'ям, надаецца ўвага вырашэнню жыллёвага пытання шматдзетных, якіх у нашым рэгіёне налічваецца больш за 6 тысяч. Аднак па-ранейшаму застаецца актуальным пытанне дзіцячага сіроцтва пры жывых бацьках. У вобласці праводзіцца актыўная работа па рэалізацыі права дзяцей на пражыванне ў сям'і. У бягучым годзе 76% непаўналетніх, якія засталіся без апекі бацькоў, уладкаваны ў сем'і на выхаванне. У вобласці налічваецца 19 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, будаўніцтва яшчэ чатырох вядзецца ў Бешанковіцкім, Аршанскім, Віцебскім, Талачынскім раёнах.
– Прэзідэнт краіны заклікаў змагацца з сацыяльным сіроцтвам. Акрамя таго, на жаль, у апошнія гады становіцца нормай сям'я з 1-2 дзецьмі і нават няпоўныя сем'і. Менавіта ў такія моманты важна памятаць пра традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. На першы план у барацьбе за выхаванне і захаванне маральнасці, чысціні сямейных адносін павінна выйсці дабрабытная сям'я, прыклады бацькі і маці, – падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч.
Менавіта таму ў Беларусі праца па выхаванні дзяцей – ганаровая і паважаная. Пацвярджэнне таму ордэн Маці, які ўручаецца за выхаванне пяцёра і больш дзяцей. На Віцебшчыне ўладальніцамі гэтай узнагароды з'яўляюцца 598 жанчын.
Учора ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да іх далучыліся яшчэ восем. Варта адзначыць, што ўсе яны гадуюць па 5-6 дзяцей, а большасці мам няма і 40 гадоў. Гэта настаўнік абслуговага працы Зелянкоўскага дзіцячага сада – школы Полацкага раёна Ганна Волкава, аператар машыннага даення філіяла «Галубічы» ААТ «Глубокскі мясакамбінат» Святлана Гужонак, рабочая ЖРЭА Наваполацка Ірына Канонік, уборшчыцы службовых памяшканняў ААТ «Віцебскаблаўтатранс» Наталля Калеснікава і ААТ «Хатылы-Агра» Пастаўскага раёна Алена Матылёнак, а таксама дамачадкі Наталля Краўцэвіч з Чашнікаў, Ірына Магрын і Валянціна Наўмянёнак з Браслаўскага раёна.
Разам з тым у Прыдзвінне адшукалі ўласныя магчымасці для ўшанавання маці, зацвердзіўшы ў 1987 годзе прэмію імя Героя Савецкага Саюза зямлячкі Зінаіды Міхайлаўны Тусналобы-Марчанка. Сёлета лаўрэатамі прэміі сталі 25 жанчын. Ці варта казаць, што падчас уручэння ўзнагарод у зале панавала асаблівая атмасфера дабра, гучалі дружныя апладысменты, а ў вачах блішчэлі слёзы. Бо ў кожнай мамы свая гісторыя…
У сям'і настаўніцы Зяленкавіцкага дзіцячага сада – школы Полацкага раёна Ганны Волкавай, якая атрымала ордэн Маці, пяцёра дзяцей: Антону споўнілася 15 гадоў, Цімафею – 10, Вікторыі – 5, Арсенію – 3, а самаму маленькаму Дзянісу усяго толькі 1,5 года. У 2013 годзе Волкавы сталі пераможцамі гарадскога конкурсу «Лепшая шматдзетная сям'я Полацка», лаурэатамі абласнога агляду-конкурсу «Лепшая шматдзетная сям'я Віцебшчыны-2013». Сакрэт поспеху мамы ў выхаванні столькіх дзетак – дапамога любімага мужа Віталя, які загадвае кухняй, збірае ўсіх раніцай і развозіць па школах і садках. Тата – майстар на ўсе рукі, на яго роўняюцца і старэйшыя дзеці. А малодшыя займаюцца творчасцю з мамай. У выніку ў трохпакаёвай кватэры, якую сям'я пабудавала ў Полацку за кошт ільготнага крэдыту для шматдзетнай сям'і, усе работы з дрэва, бісеру, цеста ўжо не змяшчаюцца, даводзіцца дарыць іх сябрам і сваякам. Па словах Ганны Ігнатаўны, шматдзетная сям'я – гэта весела, цікава, кожны дзень новыя ўражанні, неперадаваемыя эмоцыі.
– Мы ніколі не задумваліся пра тое, што ў нас будзе вялікая сям'я. Проста, калі дзеці падрасталі, разумелі, што чагосьці не хапае. Да з'яўлення кожнага ставіліся свядома, разумелі, што трэба не толькі нарадзіць, але і выхаваць дзяцей годнымі грамадзянамі, – прызнаецца Ганна Ігнатаўна. – Усім жанчынам хочацца сказаць: не бойцеся цяжкасцей, нараджайце дзетак, а ўсё астатняе вырашальна.
Таксама лічыць і Наталля Балботка з Шумілінскага раёна. Жанчына сумяшчае выхаванне траіх дзяцей з сельскімі клопатамі на сваім прысядзібным участку і доглядам за 70 цялятамі на ферме ААТ «АграБаравінка». Муж Сяргей працуе ў гэтай жа гаспадарцы механізатарам. Іх дзеці з малых гадоў вучацца працавітасці. Выдатная гаспадыня і клапатлівая маці ўзнагароджана прэміяй імя З. М. Тусналобы-Марчанка.