Яшчэ адзін партрэт Адама Міцкевіча пэндзля Івана Хруцкага знойдзены ў Полацку
6 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. У год 200-годдзя з дня нараджэння вядомага жывапісца Івана Хруцкага ў Полацку выявілі яго працу, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ларыса Лысенка.
Партрэт Адама Міцкевіча быў знойдзены пры падрыхтоўцы выставы работ праўнучкі мастака Ядвігі Мацееўскай. Сярод больш як 700 твораў мастачкі, перададзеных паводле запавету ў дар галерэі і якія захоўваліся ў запасніках, увагу мастацтвазнаўцаў прыцягнуў старадаўні палатно, на якім у неўласцівай Мацееўскай манеры быў выяўлены мужчына ў касцюме XIX стагоддзя. Гэтая праца была вельмі падобная на вядомы партрэт Міцкевіча пэндзля Хруцкага, які цяпер захоўваецца ў Пушкінскім доме у Санкт-Пецярбургу. Пры дэтальным аналізе падабенства партрэтаў узрушыла супрацоўнікаў галерэі і было прынята рашэнне правесці лазерную матэрыялазнаўчую экспертызу ў НАН Беларусі. Эксперты і вызначылі прыкладную дату - 1850-я гады. Цікава, што санкт-пецярбургскі партрэт таксама датуецца сярэдзінай XIX стагоддзя.
Нягледзячы на тое, што знойдзены твор трэба будзе яшчэ падвергнуць мастацтвазнаўчай экспертызе, полацкія галерэйшчыкі не сумняваюцца, што яны выявілі арыгінал Хруцкага. Да таго ж на адваротным баку палатна маецца накід нацюрморта. Такім чынам, мастацкая скарбніца радзімы знакамітага мастака, аб'яўленая сёлета культурнай сталіцай Беларусі, і не меўшая да апошняга часу ніводнай працы свайго слаўнага сына, можа папоўніцца адразу двума творамі. -0-