Эскізны праект другой чаргі рэканструкцыі Летняга амфітэатра ўпершыню прадстаўлены ў Віцебску

15 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Эскізны праект другой чаргі рэканструкцыі Летняга амфітэатра ўпершыню прадстаўлены сёння ў Віцебску на міжнародным інвестыцыйным форуме, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня гарвыканкама Віктар Нікалайкін. Праект прадугледжвае добраўпарадкаванне тэрыторыі ў раёне галоўнай сцэны фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" і ўзвядзенне там шэрагу аб'ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння. Так, у цэнтры прапануецца замест існуючых цяпер тэнісных кортаў пабудаваць адкрытую лядовую арэну пад купалам, выкананым па аналогіі з дахам Летняга амфітэатра. Плануецца, што пляцоўка будзе працаваць пастаянна на працягу года за кошт прымянення штучнага лядовага пакрыцця, вакол лядовай арэны прапануецца арганізаваць лыжаролерную трасу. Агульная плошча спартыўных збудаванняў складзе каля 8 тыс. кв. м. Акрамя таго, праектам прадугледжана будаўніцтва бізнес-цэнтра і гандлёва-забаўляльнага цэнтра з рэстаранам і кафэ, а таксама боўлінгам. Арыенціровачны кошт праекта з улікам арганізацыі падземнага пешаходнага пераходу складае каля $18,5 млн. Гэты варыянт праекта яшчэ не канчатковы, гарвыканкам гатовы разгледзець прапановы патэнцыйных інвестараў, якія праявяць цікавасць да ўдзелу ў рэалізацыі праекта і гатовыя значна пераўтварыць тэрыторыю каля Летняга амфітэатра, дадаў Віктар Нікалайкін. Эскізны праект прадстаўлены адкрытым акцыянерным таварыствам "Беларускі народны страхавы пенсійны фонд", якое ў 2008 годзе набыло на аўкцыёне права праектавання і будаўніцтва другога этапу рэканструкцыі Летняга амфітэатра ў Віцебску за Br1,6 млрд.-0-