Эстафета моладзевага марафону «75» у Віцебску

Эстафета молодежного марафона «75» в Витебске
Віцебшчына прыняла эстафету маладзёжнага марафону «75», арганізаванага ў рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Кветкі Вялікай Перамогі».



Першы прыпынак на віцебскай зямлі быў у Бегамлі, на тэрыторыі воінскага пахавання. Актывісты БРСМ ушанавалі хвілінай маўчання памяць савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў баях за вызваленне Докшыцкага раёна.

У абласным цэнтры на Бешанковіцкай шашы маладзёжны марафон сустрэла калона рэтра-аўтамабіляў культурна-гістарычнага клуба «Аўтавіцязь» і матацыклістаў-байкераў.

На Плошчы Перамогі прайшоў урачысты мітынг у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і прадстаўнікоў органаў улады.



– Бачным вынікам патрыятычнай акцыі стануць палотнішча «Беларусь памятае!» і альбом «Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі», – расказаў першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Вячаслаў Хрол. – Яе ўдзельнікі збіралі інфармацыю аб ураджэнцах нашага рэгіёна – кім былі, на якіх франтах ваявалі, аб іх подзвігах. На Віцебшчыне марафон аб'яднаў больш за тысячу чалавек.

Па словах старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Церанцьева, маладзёжны марафон важны для прадстаўнікоў розных пакаленняў, ён працягвае тую вялікую сістэмную працу, якую Саюз моладзі і Федэрацыя прафсаюзаў праводзяць з ветэранамі і моладдзю.

Падчас мітынгу прадстаўнікі Віцебскай вобласці перадалі сваю частку палатна. На ім – 130 імёнаў Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы. Сярод іх – Мінай Шмыроў, Пётр Машэраў, Зінаіда Тусналобыва-Марчанка і іншыя.

Удзельнікі марафону па вартасці ацанілі мабільную эксзіцыю «Вызваленне Беларусі», выставу перасоўнага музея Вялікай Айчыннай вайны. Не засталіся па-за ўвагай і тэматычныя пляцоўкі: маладыя людзі рабілі аквагрым з патрыятычнай сімволікай, фатаграфаваліся з прадметамі побыту ваеннага часу, спрабавалі свае сілы ў стральбе па мішэнях. Кожны мог прыйсці з партрэтам свайго сваяка-вызваліцеля і расказаць пра яго, адсканаваць фатаграфію ў своеасаблівай палявой лабараторыі – тым самым зрабіць уклад у стварэнне альбома «Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі».



Так, навучэнка Віцебскай сярэдняй школы №12 Крысціна Прышчэпава прынесла партрэт свайго прадзеда – Васіля Пятрова, ураджэнца Гарадоцкага раёна, які трапіў на фронт у 1941 годзе і дайшоў да Берліна. Ён быў стралком 631-га стралковага палка 159-й стралковай Віцебскай Чырвонасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі, удзельнічаў у многіх найцяжэйшых баях. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За ўзяцце Берліна», «За абарону Ленінграда» і «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.». У мірны час працаваў лесвіком, вучыў берагчы прыроду.



У межах адкрытага дыялогу ў Цэнтры сучаснага мастацтва адбылася перадача альбома «Беларусь памятае. Родныя імёны». А ў моладзі была магчымасць пагутарыць з ветэранамі вайны, прадстаўнікамі грамадскіх аб'яднанняў і ўлады, абмеркаваць пытанні ўшанавання памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Пасля Віцебска марафон «75» адправіўся ў Магілёў.

ВІКТАРЫЯ ЧЕКУШКА, фота Антона Сцепанішчава, "Віцебскія весці".