Эстафета агню «Полымя міру» II Еўрапейскіх гульняў у Віцебску
Тут да прысутных звярнуўся старшыня аблсавета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Ён адзначыў, што Віцебшчына дэлегавала ў склад зборнай Беларусі больш за 30 атлетаў, кожны з якіх мае высокі спартыўны патэнцыял і чэмпіёнскі характар, і пажадаў эстафеце ўдалага шляху, а спартсменам – яркіх перамог.
Затым на сцэну выйшла кіраўнік эстафеты агню «Полымя міру» II Еўрапейскіх гульняў Вольга Рыбачонак. Яна ўзнагародзіла ганаровымі граматамі за плённую добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё фізкультуры і спорту Уладзіміра Цярэнцьева і гендырэктара ТАА «Кіруючая кампанія холдынгу «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка» Мікалая Мартынава.
Ганаровае права першай пранесці «Полымя міру» па Віцебску далі першаму намесніку міністра культуры Беларусі Наталлі Карчэўскай. Далей эстафету агню падхапілі сярэбраны прызёр алімпійскіх гульняў 1980 года ў Маскве Ігар Каныгін, Мікалай Мартынаў, народная артыстка рэспублікі Святлана Акружная, пераможца алімпіяды-2016 у Рыа-дэ-Жанейра Уладзіслаў Ганчароў і іншыя, іх маршрут пралягаў па вуліцах Леніна, Суворава, Талстога, Пушкіна, Калініна.
Таксама пабывалі яны ля Свята-Успенскага кафедральнага сабора. Паўсюль факеланосцаў прывіталі выступленнямі творчыя калектывы Віцебска. А ў дворыку дома-музея Марка Шагала ўдзельнікі эстафеты агню заспелі юных мастакоў.
- У нас праходзіць летні пленэр для выхаванцаў дзіцячых школ мастацтваў, - распавяла дырэктар музея Ірына Варонава. – Хлопцы праявілі велізарную цікавасць да эстафеты. Першапачаткова планавалася, што мы запросім у дворык максімум 12 дзяцей, але захацелі прысутнічаць усе, каб быць датычнымі да гэтай яркай падзеі.
Завяршыўся віцебскі этап эстафеты агню на плошчы Перамогі. Там да сабранай публікі звярнуўся старшыня гарвыканкама Віктар Нікалайкін. Ён падкрэсліў, што «Полымя міру» – гэта агонь цяпла, які сагрэе мільёны людзей на II Еўрапейскіх гульнях. І звярнуў увагу на добрую прыкмету:
- Як толькі на тэрыторыі горада з'явіўся агонь «Полымя міру», адразу пайшоў дождж. А дождж у дарогу – гэта добры знак. Няхай ён прынясе беларусам шмат спартыўных перамог.
- Вельмі рады, што пашчасціла пранесці факел «Полымя міру» па вуліцах Віцебска і з галавой акунуцца ў святочную атмасферу, - сказаў інжынер УП «Віцебскгаз», майстар спорту па лёгкай атлетыцы Дзяніс Дзянісюк. - Еўрапейскія гульні падымаюць рэйтынг дзяржавы на міжнароднай арэне, прапагандуюць спорт і здаровы лад жыцця.