Эстафета Перамогі завяршылася ў Беларусі – на Кургане Дружбы нашы памежнікі перадалі яе расійскім калегам

Беларускія памежнікі сёння завяршылі свой этап эстафеты, якая праходзіць уздоўж знешніх межаў краін СНД у гонар 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сімвал Эстафеты Перамогі — кубак у выглядзе памежнага слупа — намеснік старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі генерал-маёр Ігар Печань уручыў першаму намесніку начальніка Пагранічнага ўпраўлення ФСБ Расіі па Пскоўскай вобласці палкоўніку Станіславу Акатаву.   

Сустрэча адбылася ў Верхнядзвінскім раёне на Кургане Дружбы, дзе сыходзяцца межы Беларусі, Расіі і Латвіі. 

Пра тое, які шлях прайшла Эстафета Перамогі за два тыдні, распавёў генерал-маёр Ігар Печань: 

— Эстафетная група пабывала ў населеных пунктах Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей, рухаючыся ўздоўж дзяржаўнай мяжы з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй. На іменных заставах, ля воінскіх помнікаў у памежжы праходзілі мітынгі, канцэрты, урокі мужнасці ў школах, выставы сучаснай зброі, сустрэчы з ветэранамі і моладдзю. Кожнае такое мерапрыемства дапамагае нам захоўваць гістарычную праўду аб прычынах, ходзе і выніках Вялікай Айчыннай вайны.







Пасля хвілінае маўчання ляглі кветкі да беларускага мемарыялу героям-камсамольцам вёскі Прошкі, затым удзельнікі сустрэчы перайшлі на расійскі бок да помніка Герою Савецкага Саюза Марыі Пынто.

На сімвалічнасць месца сустрэчы памежнікаў звярнуў увагу старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў:

— У пачатку ліпеня гэтага года ў 61-ы раз тут пройдзе сустрэча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а літаральна праз два тыдні зашуміць моладзевы лагер «Бе-LА-Русь». Розныя па фармаце і змесце мерапрыемствы аб'ядноўвае адно — памяць аб Вялікай Перамозе. Перадача Эстафеты Перамогі ў гэтым месцы ўжо стала добрай традыцыяй у юбілейныя даты. Хачу сказаць, што пяць гадоў таму на тэрыторыі Віцебскай вобласці пражывалі 2611 ветэранаў і ўдзельнікаў вайны, сёння іх засталося 727 чалавек. Ім вельмі важна ведаць — памяць аб той вайне жывая і будзе жыць. Гэта залежыць ад нас.





Эстафета Перамогі стартавала 5 лютага адначасова ў беларускім Брэсце і расійскім Мурманску. У нас акцыя пачалася ў Брэсцкай крэпасці, а ў сталіцы Запаляр'я адпраўным пунктам стаў помнік «Памежнікам Арктыкі».

Расійская, як і беларуская, эстафета пройдзе па заставах, гарадах і сёлах прыгранічча, каб фінішаваць 28 мая ў Дзень пагранічніка ў Маскве. Марафон памяці пабывае ў дзевяці краінах. Сімвал эстафеты працягнуць і пранясуць па ўсіх гераічных мясцінах, мясцінах подзвігу пагранічнікаў у Расіі, Беларусі, Казахстане, Узбекістане, Таджыкістане, Туркменістане, Азербайджане, Арменіі і Кыргызстане. Агульная працягласць маршруту — больш за 60 тысяч кіламетраў. Арганізатарам Эстафеты Перамогі з'яўляецца Савет камандуючых Памежнымі войскамі краін СНД.