Эстафету «Полымя міру» ў Глыбоцкім раёне сустрэлі салісты NaviBаnd

Эстафету «Пламени мира» в Глубокском районе встретили солисты NaviBаnd
Салісты гурта NaviBаnd Арцём і Ксенія Лук'яненкі прынялі ўдзел у эстафеце «Полымя міру» ў Глыбоцкім раёне. Ім прапаноўвалі пранесці факел у цэнтры Мінска, але яны выбралі ўнікальны дэндралагічны сад ДЛГУ «Глыбоцкі доследны лясгас», які многія спецыялісты называюць планетай у мініатюры.

– Хочацца пажадаць, каб кожны з нас унутры так жа моцна гарэў, як і агонь «Полымя міру», – да любімай прафесіі, захаплення, каб імкнуўся да мары, – адзначыў Арцём. – Дзякуючы эстафеце ў беларусаў з'явілася яшчэ адна дзіўная магчымасць паказаць усяму свету, наколькі прыгожая наша краіна, яе прырода, шматвяковая культурная спадчына. Глыбоччына – мая малая радзіма, якую бязмежна люблю, якой ганаруся.

Эстафета на тэрыторыі Глыбоцкага раёна стартавала ў культурна-дэндралагічным комплексе вёскі Мосар. Народны майстар Беларусі, глыбачанка Святлана Скавырка прабегла па тэрыторыі, званай турыстамі «беларускім Версалем». Свята працягнулі канцэртная праграма «Народныя матывы», выстава-кірмаш «Глыбоцкі сувенір», этна-дыскатэка «Карагод сяброўства».

У гэты ж дзень адбыўся забег факеланосцаў па цэхах Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната. Сярод іншых у ім удзельнічала настаўніца беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі, выдатнік адукацыі Таццяна Баркевіч.

Пасля гэтага ўдзельнікі эстафеты накіраваліся ў дэндрасад, які з'яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння, другім па велічыні і відавым разнастайнасці дзендрарыем Беларусі пасля мінскага Батанічнага саду.

Ксенія Лук'яненка ў суправаджэнні ахоўнікаў агню прабегла па велічных алеях. Каля штучных вадаёмаў адбылася ўрачыстая перадача эстафеты.

На працягу ўсяго шляху факеланосцаў падтрымлівалі захопленыя гледачы, сярод якіх былі навучэнцы дзяржпрафліцэя, школьнікі, лепшыя спартсмены і трэнеры раёна. На фінішы ўдзельнікаў прывіталі ўзорны духавы аркестр Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў і ўзорны ансамбль барабаншчыц «Віват».

"Віцебскія весці".