Еўрапейскія і амерыканскія эксперты абмяркуюць у Віцебску прафілактыку сардэчна-сасудзістых захворванняў

У Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце 30-31 мая адбудзецца X Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Артэрыяльная гіпертэнзія і прафілактыка сардэчна-сасудзістых захворванняў", паведамілі ў ВНУ.

Чакаецца, што ў канферэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі Міжнароднага таварыства прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, Еўрапейскага таварыства па артэрыяльнай гіпертэнзіі, вядучыя спецыялісты ў галіне кардыялогіі Беларусі, Расіі, іншых краін СНД, а таксама ЗША, Канады, Швецыі, Нарвегіі і Літвы. "У цяперашні час адсутнічаюць адзіныя падыходы да вядзення пацыентаў з артэрыяльнай гіпертэнзіяй сярод еўрапейскіх і амерыканскіх спецыялістаў, таму адной з прыярытэтных задач канферэнцыі з'яўляецца пошук кансенсусу ў гэтым пытанні і выпрацоўка ўласнай стратэгіі", - адзначылі ў Віцебскім медуніверсітэце. На канферэнцыі будуць прадстаўлены навуковыя дасягненні ў галіне кардыялогіі за апошнія гады. Таксама пройдзе адукацыйная школа для практыкуючых урачоў і конкурс маладых вучоных, сімпозіумы па камарбіднай і цэрэбраваскулярнай паталогіі, геранталогіі, арытмалогіі. Арганізатары форуму разлічваюць, што мерапрыемства дазволіць урачам набыць новыя веды ў лячэнні і прафілактыцы сардэчна-сасудзістай паталогіі, што павысіць эфектыўнасць лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў і дазволіць дамагчыся зніжэння смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў.

БЕЛТА.