Еўрапейскую якасць сваёй прадукцыі неўзабаве дакументальна пацвердзяць яшчэ некалькі прадпрыемстваў Беларусі
20 лістапада, Верхнядзвінскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У найбліжэйшы час сертыфікацыю сваёй прадукцыі на адпаведнасць еўрапейскім стандартам якасці і бяспекі атрымаюць яшчэ некалькі прадпрыемстваў Беларусі. Пра гэта паведаміў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Сямён Шапіра, які прымаў удзел у цырымоніі ўручэння ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод" еўрапейскіх сертыфікатаў адпаведнасці якасці і бяспецы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Якасць прадукцыі нашых прадпрыемстваў вельмі высокая, што пацвярджаюць спажыўцы ў розных дзяржавах", - падкрэсліў міністр. Прадукцыя беларускіх вытворцаў мяса-малочнай прамысловасці прадаецца ў 45 краін. Атрыманне сертыфіката Верхнядзвінскім заводам - гэта пачатак сур'ёзнага этапу для беларускіх перапрацоўшчыкаў па пацвярджэнні якасці сваёй прадукцыі нормам і патрабаванням еўрапейскіх службаў, сказаў Сямён Шапіра.
Еўрапейскія эксперты ўжо працуюць на ААТ "Савушкін прадукт", ААТ "Бярозаўскі сыраробны камбінат". У найбліжэйшы час такая праца пачнецца на ААТ "Бабушкіна крынка".
Сямён Шапіра таксама растлумачыў, што для таго, каб пачаць працаваць на рынках ЕС, беларускім перапрацоўшчыкам трэба будзе прайсці другі этап - атрыманне ветэрынарнага дазволу. Гэтая праца таксама пачалася. Прадстаўнікі ветэрынарных службаў ЕС ужо пачалі працаваць на прадпрыемствах, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку сваёй прадукцыі еўрапейскім стандартам. Па словах міністра, у студзені 2010 года ветэрынарныя эксперты прыступяць да працы па пацвярджэнні ветэрынарнага дабрабыту краіны. Атрыманне гэтага сертыфіката дазволіць рэалізоўваць беларускую харчовую прадукцыю на рынкі Еўропы.-0-