Штогадовая экалагічная аперацыя «Чыстае паветра» стартавала на тэрыторыі Віцебска і Віцебскай вобласці

Штогод 1 чэрвеня стартуе экалагічная аперацыя «Чыстае паветра». Адмыслоўцы адзначаюць, што летам інтэнсіўнасць руху транспарту як у абласным цэнтры, так і ў іншых гарадах узрастае. А гэта значыць, што ўзрастае верагоднасць забруджвання атмасфернага паветра з прычыны выкідаў СО і СН, якія змяшчаюцца ў выхлапных газах. Транспартныя сродкі лічацца асноўнымі забруджвальнікамі атмасфернага паветра. У агульным аб'ёме ўсіх шкодных рэчываў, якія атручваюць атмасферу, выкіды ад транспарту складаюць 70 і больш працэнтаў.

Паводле інфармацыі, атрыманай у ДАІ УУС аблвыканкама, у Віцебску налічваецца 93 тысячы адзінак транспарту ў асабістым карыстанні і 11 тысяч — у юрыдычных асоб. Па вобласці гэтыя лічбы такія: 350 тысяч — у прыватнікаў і 50 тысяч адзінак транспарту — у юрыдычных асоб.

Падчас месячніка работнікі ДАІ і эколагі будуць праводзіць сумесныя рэйды, падчас якіх выяўляць «чадзячы» транспарт. Транспартным арганізацыям варта асаблівую ўвагу надаць рэгуляванню карбюратараў транспартных сродкаў, перш чым адпраўляць іх у рэйс. Як заўважыў начальнік Віцебскай гарiнспекцыi прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерый Фандо, перавышэнне СО і СН у выхлапных газах пагражае пакараннем у выглядзе штрафу да пяці базавых велічынь фізічнай асобы і да 200 базавых — юрыдычнай.

Алена Башун, "Віцьбічы"