Штогод 2,4 тыс. чалавек праходзяць рэабілітацыю ў цэнтры для воінаў-інтэрнацыяналістаў у Віцебску

Ежегодно 2,4 тыс. человек проходят реабилитацию в центре для воинов-интернационалистов в Витебске
У сярэднім 2,4 тыс. чалавек у год праходзяць лячэнне і аздараўленне ў Віцебскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі для інвалідаў, прыкладна 65-70% ад агульнай колькасці пацыентаў - воіны-інтэрнацыяналісты, паведаміў галоўны ўрач установы Ігар Мішчук.

У сярэднім 2,4 тыс. чалавек у год праходзяць лячэнне і аздараўленне ў Віцебскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі для інвалідаў, прыкладна 65-70% ад агульнай колькасці пацыентаў - воіны-інтэрнацыяналісты, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач установы Ігар Мішчук.

З моманту ўтварэння цэнтра ў 1994 годзе яго пацыентамі сталі 51,6 тыс. чалавек, у тым ліку 33 тыс. воінаў-інтэрнацыяналістаў. Таксама тут абслугоўваюцца члены іх сем'яў (маці і бацькі, мужы і жонкі, удавы і ўдаўцы, якія не ўступалі ў паўторны шлюб), прадстаўнікі сілавых структур. Аказваюцца платныя паслугі, асабліва актыўна - з 2006 года. Часцей за ўсё з замежнікаў у цэнтр звяртаюцца грамадзяне Расіі. Бывалі тут і жыхары Літвы, Латвіі, Украіны, Германіі, Іспаніі, Італіі і ЗША, якія прыязджалі ў госці ў Віцебск да сваякоў і сяброў. Але, як падкрэсліў Ігар Мішчук, акцэнт застаецца, перш за ўсё, на воінах-інтэрнацыяналістах.

"Установа ўтворана больш за 20 гадоў таму як Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі для інвалідаў і ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. З снежня 2013 года ён перайшоў у абласную ўласнасць. Але па-ранейшаму сюды на лячэнне і аздараўленне накіроўваюцца жыхары ўсіх рэгіёнаў Беларусі - у адпаведнасці з дамовамі, якія заключаны з кожнай вобласцю. Прычым апошнія пяць гадоў да нас прыязджае ўсё больш воінаў-інтэрнацыяналістаў з інваліднасцю і жыхароў сельскай мясцовасці. Шмат пацыентаў, у якіх з гадамі пачалі праяўляцца супутняючыя захворванні ад перажытага баявога стрэсу і траўм, псіхасаматычныя засмучэнні - артэрыяльная гіпертэнзія, парушэнні сардэчнага рытму. Паколькі большасць прадстаўлялі мабільныя сілы, ВДВ, то дадайце частыя выпадкі захворванняў апорна-рухальнага апарата, хрыбетніка", - сказаў Ігар Мішчук.

Сярэдні курс рэабілітацыі ў цэнтры складае 13 дзён. У структуры ўстановы - два лячэбныя аддзяленні; аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі №1 (тэрапеўтычнага профілю) і аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі №2 (неўралагічнага профілю) па 50 ложкаў, аддзяленне функцыянальнай дыягностыкі, фізіятэрапеўтычнае аддзяленне, кабінет рэфлексатэрапіі, кабінет ЛФК, клінічная лабараторыя, кабінет псіхатэрапіі. Па вечарах у цэнтры выступаюць мастацкія калектывы горада. Многія пацыенты аддаюць перавагу знаёмству з Віцебскам (асабліва тыя, хто ўпершыню прыехаў), зносінам адзін з адным. Менавіта агульны круг інтарэсаў і ўспамінаў пацыентаў адрознівае гэты цэнтр ад іншых аздараўленчых устаноў.

Кацярына Князева