Факты гаспадарчай некампетэнтнасці выяўлены Камітэтам дзяржкантролю вобласці ў выніку маніторынгу стану машынных двароў у гаспадарках Віцебшчыны

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці правярае своечасовасць пастаноўкі тэхнікі на захоўванне, забеспячэнне яе захаванасці, стан машынных двароў.


У ходзе маніторынгу выяўлены шматлікія факты парушэнняў і бязгаспадарнасці. Так, ва УСХП «Смальяны» Аршанскага раёна ўсе 12 збожжаўборачных камбайнаў і 4 камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгаты не былі пастаўлены на захоўванне. Тэрыторыя мехдвара аказалася засмечанай металаломам і спісанымі запчасткамі, месцамі парасла пустазеллем. Акрамя таго, тут не паклапаціліся аб рамонце даху навеса, дзе ў зімовы перыяд плануюць захоўваць збожжаўборачныя камбайны.


У ААТ «Пурплева» Сенненскага раёна таксама не па-гаспадарску ставяцца да складанай сельскагаспадарчай глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі. З 7 наяўных збожжаўборачных камбайнаў 5 аказаліся пастаўленымі на захоўванне ў рамонтнай майстэрні з парушэннем патрабаванняў ДАСТ 7751-2009. На тэрыторыі машыннага двара адсутнічаў кантрольна-прапускны пункт. Ахова тэхнікі ажыццяўлялася толькі ў начны час. У рамонтнай майстэрні працякаў дах, была пашкоджана частка шклення вокнаў, не абсталяваны падсобныя памяшканні.


Па выніках праверак Камітэтам і работнікамі міждзяржаўнай групы ўнесены прадстаўленні ў адрас адпаведных гаспадарак і райвыканкамаў, устаноўлены тэрміны навядзення належнага парадку і прыцягнення вінаватых да адказнасці. Сітуацыя выпраўлена.


У сувязі з выкладзеным Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці ў якасці рэалізацыі прынцыпу прафілактыкі парушэнняў і папераджальнага кантролю, прапануе кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў вобласці, службовым асобам райсельгасхарчоў вобласці вывучыць стан дадзенага пытання на даверанай тэрыторыі і ў узначаленым гаспадарцы і неадкладна прыняць вычарпальныя меры па ліквідацыі ўсіх наяўных парушэнняў і (або) недахопаў.
Камітэт дзяржаўнага кантролю вобласці, спецыялісты міжведамаснай групы працягнуць праводзіць выбарачныя праверкі (маніторынг). У выпадку непрыняцця належных мер па іх выніках будуць выдавацца абавязковыя для выканання прадпісанні па пакаранні несумленных кіраўнікоў і спецыялістаў, аж да вызвалення апошніх ад займаемых пасад.


Падрыхтавала Алена СЫС. 
«ВР»