Факультатыў па праграмаванні ў асяроддзі Scratch для другакласнікаў з'явіцца ў некаторых школах Віцебшчыны

Факультатив по программированию в среде Scratch для второклассников появится в некоторых школах Витебщины
У бліжэйшы час у многіх установах адукацыі краіны пачнуцца факультатыўныя заняткі па вывучэнні праграмавання ў асяроддзі Scratch для другакласнікаў.

Scratch – гэта асяроддзе візуальнага праграмавання з графічным інтэрфейсам, створанае медыялабараторыяй Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, каб зрабіць праграмаванне простым, зразумелым і цікавым менавіта для дзяцей. Як сцвярджаюць распрацоўшчыкі, Scratch дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам думаць творча, працаваць разам. Цікавыя праграмы яны не пішуць, а збіраюць з гатовых блокаў-каманд, а акрамя гэтага ствараюць свае камп'ютарныя гульні, анімацыю.

Гэта стала магчымым дзякуючы абноўленай вучэбнай праграме «Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch» для навучэнцаў пачатковых школ. Ёй папярэднічаў рэспубліканскі інавацыйны праект «Укараненне мадэлі арганізацыі пазакласнай праектнай дзейнасці навучэнцаў на I і II ступені агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Scratch», у якім прыняло ўдзел 15 устаноў адукацыі Віцебскай і Гродзенскай абласцей.

Пра новаўвядзенне і перавагі займальных заняткаў настаўніца інфарматыкі Глыбоцкай раённай гімназіі Лідзія Раманчук (на фота) гаворыць з натхненнем. З 1989 года яна з'яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб'яднання настаўнікаў інфарматыкі і адна з першых, хто пачаў займацца з навучэнцамі 5 – 6-х класаў у асяроддзі Scratch, уваходзіць у лік аўтараў абноўленай праграмы.

Восем гадоў таму яна арганізавала міжшкольны факультатыў. Гімназісты стваралі аніміраваныя паштоўкі, міні-праекты. Атрыманыя веды дазволілі рабятам паўдзельнічаць у міжнароднай дыстанцыйнай алімпіядзе ў асяроддзі Scratch, якая праводзілася ў Расіі. Практычна ўсе глыбачане занялі прызавыя месцы.

– З другога паўгоддзя мінулага навучальнага года працую па праграме Scratch з другакласнікамі, – кажа Лідзія Анатольеўна. – І прыйшла да высновы, што ім, перш чым асвоіць Scratch, першапачаткова трэба мець навыкі працы за камп’ютарам, у інтэрнэце, навучыцца складаць найпрасцейшыя алгарытмы. Гэта істотна палегчыць іх працу з асяроддзем праграмавання Scratch, гарантуе больш эфектыўнае выкананне заданняў.

Рэкамендацыі досведнага педагога былі пачуты, у праграму ўключылі некалькі дадатковых тэм. Агульны аб’ём навучальнага матэрыялу па новай праграме факультатыўных заняткаў у другім класе складзе 34 гадзіны.

– Напрыклад, на першым уроку сёлета мы гаварылі аб правілах бяспечных паводзін у камп’ютарным класе, – працягвае Лідзія Раманчук. – Усё гэта праходзіла ў гульнявой форме, а далей будзе яшчэ цікавей. Дарэчы, вучні пачатковых класаў больш за ўсё любяць рабіць яркія віншавальныя паштоўкі для бацькоў. Ужо на гэтым этапе раскрываюцца творчыя здольнасці дзіцяці, уменне лагічна мысліць, складаць алгарытмы.

На цяперашні час у рэспубліцы вядзецца праца па стварэнні вучэбна-метадычнага комплексу для вучняў 2 – 4-х класаў і іх педагогаў.

– Парк высокіх тэхналогій праводзіў двухдзённы майстар-клас па вывучэнні Scratch, – адзначае Лідзія Раманчук. – На ім прысутнічалі не толькі настаўнікі інфарматыкі, але і замежных моў, пачатковых класаў. У нас на Віцебшчыне праводзіцца шмат алімпіяд і конкурсаў па Scratch, чаго пакуль няма ў іншых абласцях.

У Глыбоцкай гімназіі другі год запар на летніх канікулах працуе гарадскі профільны аздараўленчы лагер па Scratch «Малады айтишник» для вучняў 2 – 7-х класаў. Хлопцы ездзілі на экскурсію ў школу робататэхнікі, створаную пры Парку высокіх тэхналогій. У якасці адказнага жэсту ў бліжэйшыя дні дапытлівым глыбачанам плануюць перадаць некалькі робатаў, якімі можна будзе кіраваць з дапамогай створаных школьнікамі праграм.

Таленавітых дзяцей у Глыбоцкай гімназіі шмат. Яркім пацвярджэннем гэтаму – два былыя вучні Лідзіі Раманчук. Уладзіслаў Лоўцавіч і Вадзім Рудак сталі фіналістамі папулярнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», распрацаваўшы першы ў нашай краіне сайт, прысвечаны Дню беларускага пісьменства, і пазнавальнае мабільнае прыкладанне для школьнікаў.

– Дзякуючы Парку высокіх тэхналогій у многіх школах раёна з’явіліся новыя камп’ютары, ноўтбукі. Каштоўныя падарункі атрымалі і дзеці, якія занялі прызавыя месцы ў конкурсах і алімпіядах, – паведамляе Лідзія Раманчук.

лепель дзеці праграмаванне scratch навучанне

Вывучае Scratch больш за 400 школьнікаў раёна. Чвэрць з іх – гімназісты і вучні гарадской СШ №3, дзе таксама выкладае Лідзія Анатольеўна. Сярод іх адзінаццацікласнік, пераможца рэспубліканскага конкурсу Віктар Якубёнак, сямікласніца Эвеліна Шуран, чыя гумарыстычна-гістарычная гульня «Прыгоды ў Полацкім княстве» была прызнана лепшай у вобласці.

– Летась я прымала ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па Scratch у Будапешце, – распавядае Лідзія Анатольеўна. – Там прысутнічаў і прафесар Мітчэл Рэзнік з ЗША, пад кіраўніцтвам якога і была створана асяроддзе праграмавання Scratch. Эвеліна спецыяльна для гэтага мерапрыемства пашыла з кавалачкаў тканіны пацешнага кацяняці, які з’яўляецца сімвалам Scratch. Мітчэлу цацка спадабалася, ён пакінуў на ёй свой аўтограф.

А праз некалькі месяцаў Эвеліна пазнаёмілася з Мітчэлам Рэзнікам у Оршы, куды прыехала для ўдзелу ў алімпіядзе. Больш таго, для майстра з сусветным імем яна зыграла некалькі твораў на саксафоне. Бо Эвеліна Шуран – прызёр і пераможца музычных конкурсаў, якія праводзяцца ў нашай краіне і за мяжой.

"Віцебскія весці".