Факультэт падрыхтоўкі замежных грамадзян плануецца арганізаваць у Віцебскім дзяржуніверсітэце
2 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Факультэт падрыхтоўкі замежных грамадзян плануецца арганізаваць у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава да пачатку новага навучальнага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле міжнароднага супрацоўніцтва ВНУ.
Новая структура прызвана вырашаць задачы па аптымізацыі працэсу навучання замежных грамадзян і павышэнню эфектыўнасці іх падрыхтоўкі.
Цяпер у віцебскай ВНУ атрымліваюць адукацыю больш за 300 чалавек з Туркменістана, Кітая, Расіі, Украіны, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана, Латвіі і Эстоніі. У бягучым навучальным годзе студэнтамі ВДУ сталі амаль 120 маладых людзей з-за мяжы, што амаль у 2 разы перавысіла вынік набору ў 2009/2010 годзе. У будучым навучальным годзе прадугледжваецца прыняць на вучобу не менш за 120 замежных грамадзян на падрыхтоўчае аддзяленне, а таксама першы курс вочнай і завочнай формаў навучання. Акрамя таго, плануецца пашырыць пералік спецыяльнасцей, па якіх праводзіцца навучанне замежнікаў.
Так, у бягучым навучальным годзе ўніверсітэт сумесна з Хух-Хотоскім прафесійным інстытутам (Кітай) прыступіў да рэалізацыі праекта па сумесным навучанні студэнтаў па сістэме "3+3". Кітайскія грамадзяне навучаюцца ў Хух-Хотоскім інстытуце на працягу 3 гадоў па спецыяльнасцях "Музычнае мастацтва" і "Выяўленчае мастацтва", а затым працягваюць навучанне ў ВДУ на 4 і 5 курсах, а таксама ў магістратуры беларускай ВНУ. Навучанне вядзецца па сумесна складзеных вучэбных планах і праграмах. Акрамя таго, цяпер прапрацоўваецца пытанне арганізацыі навучання па спецыяльнасці "Дызайн" для студэнтаў Усходнекітайскага тэхналагічнага ўніверсітэта таксама па сістэме "3+3". У бліжэйшых планах універсітэта арганізаваць набор замежных студэнтаў на спецыяльнасць "Прыкладная інфарматыка".
Канцэпцыяй развіцця ўніверсітэта на 2010-2015 гады прадугледжваецца пашырэнне супрацоўніцтва з замежнымі ВНУ і нарошчванне экспарту адукацыйных паслуг, у тым ліку за кошт штогадовага павелічэння прыёму на навучанне замежных грамадзян. Прадугледжваецца арганізацыя рэкламных кампаній, сярод перспектыўных напрамкаў пошуку новых партнёраў Сірыя, Турцыя, КНР, Індыя, Туркменістан і шэраг іншых краін.
Віцебскі дзяржуніверсітэт вядзе актыўную работу на міжнароднай арэне, ужо падпісаны і ажыццяўляюцца дагаворы аб супрацоўніцтве больш чым з 30 ВНУ-партнёрамі з 17 краін свету.-0-