Фарм-клуб міжнароднага медыяфоруму можа з'явіцца ў Наваполацку
18 лістапада, Наваполацк /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Рэспубліканскі фестываль дзіцячых і юнацкіх СМІ можа прайсці ў Наваполацку ў чэрвені 2011 года. Ідэя яго правядзення нарадзілася сёння на прыёме грамадзян, які ў грамадскай прыёмнай Наваполацкай гарадской арганізацыі "Белая Русь" праводзіў міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дырэктар Наваполацкага цэнтра пазашкольнай работы Наталля Серакова расказала пра дзіцячую тэлестудыю цэнтра, якая робіць папулярныя перадачы для мясцовага тэлеканала, і папрасіла падтрымкі ў правядзенні абласнога фестывалю дзіцячых і юнацкіх СМІ. Ініцыятыва адразу ж знайшла падтрымку ў міністра, пры гэтым ён прапанаваў у Наваполацку правесці рэспубліканскі фестываль з запрашэннем на яго бліжэйшых суседзяў - таленавітых дзяцей з Расіі, Украіны, краін Балтыі.
Мінінфарм разлічвае на падтрымку гэтай прапановы Мінадукацыяй, грамадскімі арганізацыямі БРСМ і "Белая Русь".
На думку Алега Праляскоўскага, дзіцячы фестываль СМІ можа перарасці ў дзіцячы медыяфорум. "Мы правялі годны міжнародны медыяфорум СМІ сёлета, чаму б не стварыць яго фармклуб", - дадаў міністр.
Магчымай датай правядзення рэспубліканскага фестывалю дзіцячых і юнацкіх СМІ названы чэрвень 2011 года.-0-