Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі атрымала прэмію «За духоўнае адраджэнне». Свой уклад унесла і рэгіянальнае прадстаўніцтва

З удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску адбылася цырымонія ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне», спецпрэмій дзеячам культуры і мастацтва і «Беларускі спартыўны Алімп».


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў чарадзе навагодніх і калядных святаў, такіх любімых у краіне, ёсць традыцыя, якая стала знакавай для духоўнага жыцця Беларусі.

– Кожны год у гэтыя студзеньскія дні мы сустракаемся з асаблівымі людзьмі – тымі, хто лечыць нашы душы, хто захоўвае нашу памяць, хто служыць міласэрнасці, дабру і прыгажосці. Творчы шлях ніколі не бывае простым, і сёння на гэту сцэну выйдуць людзі, якія годна прайшлі яго, заваяваўшы новыя вяршыні ў культуры, мастацтве, журналістыцы, спорце, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Гісторыя дала нашым творчым людзям унікальны шанец – унесці свой уклад у станаўленне беларускай нацыі. Бо менавіта мы з вамі, цяперашнія пакаленні, увасобілі ў жыццё шматвяковую мару нашых продкаў – стварылі першую ў гісторыі незалежную беларускую дзяржаву. І сёння наша агульная задача – зберагчы краіну і перадаць яе свабоднай і незалежнай тым, хто прыйдзе пасля нас.

Прэзідэнт падкрэсліў, што незалежнасць няпроста здабыць, але яшчэ складаней адстаяць і абараніць:

– Сіла духу, згуртаванасць і адзінства – менавіта тыя асновы, той фундамент, без якіх сёння не выжыць. Яшчэ тысячу гадоў таму Амар Хаям сказаў: «Духам упалы гіне раней часу». І гэта вельмі дакладна! Бо толькі моцны духам чалавек ведае, што рабіць і куды ісці. Без моцнага стрыжня любы асуджаны на паразу. А нашаму народу сілы духу не займаць!

Па выніках 2016 года прысуджаны пяць прэмій Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне». Сярод лаўрэатаў – Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, на рахунку якой вялікая колькасць мерапрыемстваў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне грамадзян, у тым ліку дзяцей, навучэнскай і рабочай моладзі, эканамічна актыўнага насельніцтва, ветэранаў вайны і працы. Адным з такіх мерапрыемстваў стала маштабная рэканструкцыя Кургана Славы. Паміж

тым, адзначыла прадстаўніца прэс-службы ФПБ па Віцебскай вобласці Алена Усцінава, у кожным рэгіёне вызначаны свае знакавыя мемарыялы.

Так, у мінулым годзе з прафсаюзнага бюджэту на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу «Прарыў»  ва Ушацкім раёне накіравана звыш 33 тысяч рублёў і 5 тысяч рублёў – на абнаўленне мемарыяльнага комплексу у в. Копці Віцебскага раёна. Усе раённыя, гарадскія аб'яднанні і першасныя прафсаюзныя арганізацыі ўносяць свой уклад у добраўпарадкаванне памятных месцаў, воінскіх пахаванняў. 

– Прафсаюзы надаюць асаблівае значэнне працы па патрыятычным, маральным і духоўным станаўленні грамадзян, –  сказаў старшыня Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Іван Вазьміцель. – Галоўныя задачы ў гэтым напрамку – садзейнічаць развіццю нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму, павагі да гісторыі, культуры і традыцый краіны, а таксама спрыяць актывізацыі цікавасці да вывучэння гістарычнай спадчыны Беларусі, фарміраванню пачуцця павагі да сваёй гісторыі, захаванню памяці аб подзвігах абаронцаў Айчыны.

Алена Пятрова, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.