Феерыю лёну на «Славянскім базары ў Віцебску» ладзіць Аршанскі льнокамбінат
5 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Феерыю лёну на "Славянскім базары ў Віцебску" абяцае зладзіць Аршанскі льнокамбінат. Фестываль "Віцебск. Феерыя лёну" пройдзе ў Дзень Беларусі на "Славянскім базары" 11 ліпеня. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства "Аршанскі льнокамбінат" Валерый Шастакоў.
Арганізатары нованароджанага фестывалю, адным з якіх з'яўляецца Аршанскі льнокамбінат, вызначылі для сябе галоўную мэту: паказаць магчымасці вытворчасці айчыннай канкурэнтаздольнай прадукцыі з лёну, падтрымаць айчынных вытворцаў і дызайнераў, прадставіць патэнцыял беларускіх прадпрыемстваў індустрыі моды.
Месцам правядзення фестывалю стане плошча Перамогі. Яго праграма ўключае ў сябе паказ пяці модных калекцый адзення з лёну. Гэта будуць мадэлі прэт-а-партэ ад дызайнераў, якія робяць сабе імя на лёне, і адзенне, выпушчанае айчыннымі швейнымі прадпрыемствамі. Прычым усё гэта можна будзе купіць тут жа - на паказе, а яшчэ атрымаць бясплатныя кансультацыі аб тканінах у іх вытворцы Аршанскага льнокамбіната.
Кірмаш адзення, аксесуараў і сувеніраў з лёну плаўна пяройдзе ў "Льняное застолле". Госці "Феерыі" змогуць паспрабаваць прадукцыю віцебскіх вытворцаў на сталах, сервіраваных па ўсіх правілах тэкстылем з лёну, а потым іх папросяць намаляваць народную карціну. На велізарным палатне плошчай каля 20 кв.м кожны ахвотны зможа намаляваць сваё прызнанне ў любові да лёну.
Арганізатары льнянога фестывалю рыхтуюцца зрабіць яшчэ адзін сюрпрыз для тых, хто прыйдзе на гэтае свята ў льняным адзенні. Па словах Валерыя Шастакова, з іх дазволу з імі зладзяць фотасесію, а затым лепшыя фота ўпрыгожаць фірмовыя крамы Аршанскага льнокамбіната. -0-