Фотамадэльер з Верхнядзвінска атрымала грант на навучанне ў лепшай школе моды ў Мілане
Шчаслівы білет на навучанне ў адной з лепшых еўрапейскіх школ моды, стылю і дызайну ў Італіі нашай зямлячцы Ірыне Акуневай дастаўся дзякуючы перамозе ў адкрытым міжнародным конкурсе фэшн-фатаграфій «Golden Беларусь». Усяго ў марафоне прыняло ўдзел 120 прафесіяналаў і аматараў, а зробленыя імі кадры паказалі нашу краіну з пункту гледжання сучаснай моды і глянцу. Лепшых з лепшых выбралі з дапамогай журы і інтэрнэт-галасавання. Атрадна, што менавіта здымак з Верхнядзвінска не саступіў у крэатыўнасці і майстэрстве выканання нават сталічным канкурэнтам. Менавіта яго аўтару журы прысвоіла першае месца і аддало галоўны прыз – грант на навучанне ў Італіі і сертыфікат на суму ў 30 млн рублёў. Дарэчы, Ірына ў родным горадзе вядома як настаўніца малявання ў дзіцячай школе мастацтваў, а вось яе папулярнасць у якасці фатографа і візажыста даўно выйшла за межы раёна.
Цікавасць да жаночых твараў у яе з дзяцінства: Іра заваражона разглядала іх яшчэ ў савецкіх модных часопісах, з нецярпеннем чакала адкрыцця ў горадзе школы мастацтваў, каб ствараць манячыя вобразы на лісце паперы. У які ВНУ паступаць, пытанне нават не стаяла, выбар адразу ўпаў на мастацка-графічны факультэт ВДУ ім. П. Машэрава. Па размеркаванні вярнулася ў родны Верхнядзвінск, спачатку настаўнікам выяўленчага мастацтва і чарчэння ў мясцовую школу, затым у «худажэжку», у якой сама калісьці вучылася правільна трымаць пэндзаль і наносіць першыя штрыхі.
У вольны час рабіла візаж нявестам. Азы гэтага асвоіла ў Віцебску падчас вучобы ва ўніверсітэце. Для разнастайнасці занялася і фатаграфіяй, сама тады не падазравала, што гэта захапленне перарасце ў бізнес і справу ўсяго жыцця. Пачынала з «мыльніцы», ездзіла на разнастайныя курсы, заробленыя грошы траціла на новую фотатэхніку, нават бабуліну кватэру ператварыла ў сапраўдную студыю. Ірына настолькі пагрузілася ў працу, што нават у радзільню яе забіралі з фотастудыі, калі яна займалася апрацоўкай здымкаў. Не прайшло і пары тыдняў пасля нараджэння сына, як маладая мама зноў узялася за фотаапарат. Добра, што муж падтрымлівае яе ў гэтым, хоць і далёкі ад мастацтва, служыць у міліцыі.
У аб'ектыў фотакамеры Ірыны траплялі дзяўчаты і хлопцы, нявесты і жаніхі, землякі і жыхары бліжэйшых раёнаў. Ад звычайных партрэтных здымкаў яна паступова перайшла да глянцу як мастак-фатограф партрэта. Усё часцей у кадры сталі мільгаць прафесійныя мадэлі, а яе працы з'яўляцца ў модных часопісах і каталогах. Знаёмства і супрацоўніцтва з беларускімі мадэльерамі, дызайнерамі, візажыстамі, у тым ліку і сталічнымі, завязаліся праз сацыяльныя сеткі і "сарафаннае радыё".
– Сёння дзякуючы Інтэрнэту перад фатографамі адкрыты вялікія магчымасці, ён жа служыць і выставачнай пляцоўкай, рэкламай і піярам. Каб знайсці сябе ў прафесіі, зрабіць імя, зусім не абавязкова жыць у сталіцы ці іншым буйным горадзе. Калі чагосьці сапраўды вельмі хацець, то можна дасягнуць шмат чаго, – упэўнена Ірына і гэтыя словы пацвярджае асабістым прыкладам. Дарэчы, такі сэнс яна заклала і ў здымак, які прынёс ёй перамогу: «Наша мінулае – у нашых сэрцах, наша будучыня – у нашых руках».
Сваё ў яе і разуменне прыгожага, яна цалкам падзяляе меркаванне: непрыгожых жанчын не бывае.
– Ёсць дзяўчаты з выдатнымі рысамі твару, але у паўсядзённым жыцці іх могуць лічыць малапрывабнымі, – кажа Ірына. – Тая ж гарбінка на носе, вяснушкі могуць быць прыгожыя па-свойму, з такімі мадэлямі мне як фатографу нават цікавей працаваць. Чым больш здымаеш, тым больш хочацца знайсці новыя твары са сваёй "ізюмінкай".
Для добрага кадра, перакананая суразмоўніца, далёка не заўсёды неабходна нешта неардынарнае, гэта можа быць звычайны чалавек, звычайнае месца, проста трэба адчуць іх прыгажосць і непаўторнасць. Як прыклад таму – партрэты мадэляў, адзнятыя Ірынай Акуневай на малой радзіме, дзе, здаецца, даўно знаёмыя будынкі, гарадскі пляж і іншыя віды выглядаюць інтрыгуюча, дазваляюць зірнуць на Верхнядзвінск з новага ракурсу.
Наталля Рыжкова, «Віцебскія весці». Фота з архіва Ірыны Акуневай.