Фестываль "Арт-парад у Віцебску" пройдзе ў анлайн-фармаце

II Міжнародны фестываль-конкурс "Арт-парад у Віцебску" з-за эпідсітуацыі пройдзе 8-10 студзеня 2021 года ў анлайн-фармаце, паведамілі ў Цэнтры культуры "Віцебск".

Каб прыняць удзел у конкурсе, трэба зняць сваё выступленне ці працу на камеру і даслаць на электронную пошту ARTparad.vitebsk@gmail.com.

Творчае спаборніцтва пройдзе сярод калектываў і выканаўцаў ва ўзросце ад 6 гадоў па намінацыях "Вакал", "Харэаграфія", "Інструментальная музыка", "Выяўленчае мастацтва" і "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і мастацкія рамёствы". Матэрыялы прымаюцца да 15 снежня.

Кампетэнтнае журы, у складзе якога педагогі, дзеячы культуры і мастацтваў, папулярныя выканаўцы, прадзюсары, менеджэры, прадстаўнікі СМІ і творчай інтэлігенцыі, адгледзіць заяўкі. Кожны ўдзельнік фестывалю-конкурсу атрымае персанальныя каментарыі ад членаў журы. Таксама ўдзельнікаў чакаюць майстар-класы, інтэрактыўны тур па Віцебску і трансляцыі ў сацсетках і на YouTube-канале Цэнтра культуры.

"Арт-парад" прысвечаны 30-годдзю міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Уладальнік галоўнага прыза атрымае запрашэнне на адно з афіцыйных мерапрыемстваў творчага форуму.

БЕЛТА.