Фестываль аўтарскай песні "Віцебскі лістапад-2009" збярэ выканаўцаў з Беларусі і Расіі

27 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Фестываль аўтарскай песні "Віцебскі лістапад-2009" збярэ выканаўцаў з Беларусі і Расіі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск". XVIII фестываль адбудзецца 7-8 лістапада. Заяўкі на ўдзел у ім прымаюцца да 30 кастрычніка. Удзельнікі вызначацца ў адборачным туры. На канцэрце "Струны душы" журы назаве пераможцаў у намінацыях "Дзіцяча-юнацкая творчасць", "Аўтар", "Выканаўца", "Дуэт" (ансамбль), "Паэт", выберуць дыпламантаў фестывалю сярод маладых пачаткоўцаў выканаўцаў, а таксама ўладальніка прыза гледачоў сімпатый. Узнагароджанне ўдзельнікаў адбудзецца 8 лістапада на гала-канцэрце "Мелодыя восені". Разам з пераможцамі ў гэты дзень будуць выступаць ужо вядомыя майстры жанру аўтарскай песні: Аляксандр Баль, Вольга Залесская, Алена Казанцава, Тарас Юркевіч, Уладзімір Цвікі, Юрый Рыкаў. Арганізатары мерапрыемства - аддзел культуры, аддзел па справах моладзі і абаронна-мабілізацыйнай працы Віцебскага гарвыканкама, Народны тэатр-студыя аўтарскай песні Цэнтра культуры "Віцебск".-0-