Фестываль "Беларусь Праваслаўная" пройдзе ў Воршы
Фестываль "Беларусь Праваслаўная" і міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Куцеінскія чытанні-2014" на тэму "Куцеінскі манастыр: мінулае, сучаснасць, будучыня" пройдуць сёння ў Оршы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Аршанскім райвыканкаме.
Праграма фестывалю ўключае літургіі ў Свята-Ільінскім храме і Свята-Троіцкім храме Куцеінскага Свята-Багаяўленскага мужчынскага манастыра, Хрэсны ход па горадзе і аблёт з абразом Аршанскай Божай Маці. На фестывалі будзе працаваць некалькі выстаў, у тым ліку экспазіцыя факсімільных узнаўленняў выдавецтва Беларускага Экзархата; праваслаўная выстава-кірмаш "Кладезь"; выстава дзіцячых малюнкаў пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу, які праводзіцца ў рамках фестывалю; выстава творчых работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі; экспазіцыя кнігадрукавання, археалагічная выстава "Праваслаўныя старажытнасці Беларусі". Акрамя таго, адбудуцца майстар-клас па мастацтве іканапісу і свята званоў, пройдзе канцэрт духоўнай музыкі і царкоўных спеваў. Адной з цэнтральных падзей стане адкрыццё памятнага знака ў гонар "Буквара" Спірыдона Собаля.
У міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Куцеінскаму манастыру, прымуць удзел гісторыкі, музейныя работнікі, краязнаўцы, кнігазнаўцы з Беларусі, Расіі і Польшчы. Сярод іх прадстаўнікі Міністэрства культуры, дэпутацкага корпуса, НАН Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага музея, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Куцеінскі мужчынскі манастыр у Оршы з'явіўся ў XVII стагоддзі. Пры ім была заснавана друкарня, найбуйнейшая на той час у Беларусі. У 1631 годзе друкар Спірыдон Собаль тут выпусціў першы "Буквар" на беларускай мове. Манастыр стаў асяродкам культурнага жыцця, пры ім тварылі ўмелыя майстры: разьбяры па дрэве, гравёры, спецыялісты па кераміцы, чаканшчыкі, іканапісцы, кнігадрукары. Дзякуючы іх майстэрству ў XIX стагоддзі Оршу называлі "беларускім Суздалем". Лічыцца, што менавіта адсюль, ад Куцеінскай Лаўры, пачалося супольнае манаскае жыццё па ўсёй Беларусі.
Алена Ціханава