Фестываль «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» падтрымалі калектывы з 12 краін свету

Фестиваль «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» поддержали коллективы из 12 стран мира
У дваццаць пяты раз Дубровеншчына ператварылася ў своеасаблівую трансгранічную творчую пляцоўку. Расказаць пра культуру сваёй радзімы на міжнародны фестываль «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» з'ехаліся 25 калектываў з 12 краін свету.

Апроч Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Малдовы, Румыніі, Расіі, Татарстана, Украіны і Славакіі, упершыню ў ім узялі ўдзел спявачкі, танцоры і музыкі з Індыі і Аргенціны.

Рознакаляровая палітра кветак, сцягоў, шароў і ўсмешак – урачыстасці ў райцэнтры пачаліся задоўга да афіцыйнага адкрыцця свята.

Горад адзначыў свой 625-ы дзень нараджэння. 625 прадстаўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў рэгіёна прынялі ўдзел у шэсці працоўных калектываў. Завяршылася яно ўшанаваннем перадавікоў «Лепшы па прафесіі», юных талентаў, старажылаў і нованароджаных. Лейтматывам свята стала тэма малой радзімы.

На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы пасведчанне «Ганаровы грамадзянін Дубровенскага раёна» ўручылі яго ўраджэнцу, кіраўніку студыі ваенных мастакоў Цэнтральнага дома афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі Мікалаю Опіоку. А таксама ўспомнілі імёны землякоў, якія праславілі родны край за яго межамі.

Кіраўнік абутковага холдынгу «Марка» Мікалай Мартынаў, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Болбатаўскі, драматург Аляксей Дудараў да гэтага часу ўносяць уклад у добраўпарадкаванне і росквіт малой радзімы.

Падарункамі гораду да юбілею сталі гадзіннікавая вежа, якая сімвалізуе мануфактуру, што вырабляла тут гадзіннікі 300 гадоў таму, і выставачны зал будучага гарадскога музея, дзе адбылося адкрыццё экспазіцыі работ Мікалая Опіока «Дубровеншчына ў тварах».

Карагод дружбы

Тым часам гучала і Кірыеўская пушча, што за 10 км ад райцэнтра. І не толькі ад салаўіных спеваў і журчання мясцовай крыніцы. Песні на 12 мовах і танцы розных народнасцей вакол вогнішча Дружбы – відовішча захапляльнае і незабыўнае. Тут сустрэліся і адразу перайшлі на «ты» ўдзельнікі 25 калектываў. У адным творчым карагодзе, а затым за круглым сталом на прэс-канферэнцыі – аргенцінец, індыец, эстонец, рускі, беларус, паляк, латыш…

У абноўленай у межах «Дажынак» канферэнц-зале райвыканкама адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна і арганізацыйнага камітэта фестывалю. Форум служыць справе дабра і міру, спрыяе развіццю культурна-асветніцкага дыялогу. У гэтым выказаў упэўненасць старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

– Тое, што цудоўнае свята праходзіць пад знакам Года малой радзімы і 625-годдзя Дубровіна, мае асаблівае значэнне, – звярнуўся да гасцей кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці. – У праграме фестывалю арганічна спалучаюцца канцэрты творчых калектываў, акцыі ў памяць пра гераічнае мінулае Дубровеншчыны і моладзевыя відовішчныя мерапрыемствы. Гісторыя і культура ўзбагачаюць наша жыццё, з'яўляюцца школай выхавання для новых пакаленняў, дораць радасць зносін.

Начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Задзеркаўская адзначыла, што ў Беларусі развіты фестывальны рух. Штогод у краіне праходзяць 70 форумаў рознага ўзроўню, у асноўным фестывалі народнай творчасці.

– Яны самыя дэмакратычныя і масавыя, – падкрэсліла Наталля Задзеркаўская. – Лепшыя з іх маюць статус міжнародных і рэспубліканскіх. У тым ліку і «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне», якія сталі брэндам рэгіёна і спрыяюць развіццю яго турыстычнага патэнцыялу, сацыяльнай сферы.

Адбыліся прадстаўленне дэлегацый і абмен сувенірамі. Мітынг-рэквіем «Мы памятаем подзвігі бацькоў» на мемарыяльным комплексе «Рыленкі» завяршыў афіцыйную частку ўрачыстасці.

Спявай, салавейка!

На форуме гралі на гармоніку, цымбалах, арфах, дудках. А ўдзельнікі абласнога конкурсу «Салавейка-2018», які праводзіцца ў рамках фестывалю ў чацвёрты раз, – на свістульках. Майстры з Віцебскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей, а таксама з Аргенціны і Татарстана стваралі свае працы на вачах у гледачоў.

У кожнага майстра – непаўторны стыль. Так, марачоўскага салавейку адрадзіла майстрыха з Дуброўна Вольга Аляксеева. Свістулькамі яна займаецца ўжо амаль 10 гадоў, яе працы прызнаны аднымі з лепшых на конкурсе. А вось дэбютантка Анастасія Зуева з Чашнікаў свае вырабы дэманструе ўпершыню. Малады спецыяліст Дома рамёстваў прыехала на фестываль, каб набрацца вопыту.

Себе паказаць і іншых паглядзець

На працягу другога фестывальнага дня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы прэзентавалі традыцыйныя праекты «Лялька Дубрава», «Матэрыял Дружбы», працавалі брэндавыя падворкі «Дубровеншчына гасцінная».

Кожнае з іх частавала гасцей рэгіёна традыцыйнымі стравамі, цешыла нумарамі мастацкай самадзейнасці. Удзельнікі народных клубаў і аб'яднанняў па інтарэсах з аграгарадкоў, ад арганізацый і прадпрыемстваў змаглі здзівіць сваім каларытам. Падворкі «Рыбак і рыба», «Клюковка», «Малочныя рэкі», «Льняное», «Траўніца» спаборнічалі не толькі ў ўменні паказаць сябе, але і сустрэць гасцей разнасоламі.

Вечаровая праграма адзначылася канцэртам-прэзентацыяй калектываў-удзельнікаў «Дняпроўскіх галасоў», а таксама абласным конкурсам эстраднай музыкі «ВІА-ton-2018» у фармаце музычнага рынга. Калектывы выконвалі аўтарскія песні, кавер-версіі хітоў 1970 – 2000-х гадоў, апрацаваныя фальклорныя беларускія кампазіцыі.

Не сумавалі і жыхары аграгарадкоў раёна – удзельнікі фестывалю далі вечаровыя канцэрты на мясцовых сцэнічных пляцоўках.

А нядзельная раніца пачалася з тэатралізаванага шэсця ўдзельнікаў фестывалю, працягнулася гала-канцэртам і цырымоніяй узнагароджання. Фінальны штрых – народны абрад «Пасахі – на лёгкія шляхі». Як сустрэла, так з размахам і правяла Дубровеншчына ўдзельнікаў 25-га юбілейнага фестывалю. Заключным акордам сталі канцэрт артыстаў беларускай эстрады, маляўнічы феерверк і начная дыскатэка.