Фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" у 20-ы раз раскрывае сябрам свае абдымкі
8 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Віцебск зноў прымярае на сябе мантыю сталіцы мастацтваў і сустракае XX Міжнародны фестываль "Славянскі базар у Віцебску". Урачыстае адкрыццё фестывалю пройдзе сёння на сцэне Летняга амфітэатра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Каля 5 тыс. гасцей з 27 краін прымуць удзел у 20-м форуме мастацтваў. У праграме "Славянскага базару" заяўлены амаль 70 творчых праектаў. XX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" захавае традыцыйную структуру, але напоўніць яе новым зместам. Фестываль падорыць сустрэчы з майстрамі мастацтваў Беларусі, Расіі і Украіны, дарослы і дзіцячы песенныя конкурсы, а таксама кіна- і тэатральныя праграмы, якія палюбіліся за шмат гадоў правядзення. Юбілейны "Славянскі базар" стане стартавай пляцоўкай для фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які адкрыецца 9 ліпеня ў Віцебску.
Зорным і інтэрнацыянальным складам удзельнікаў вылучаецца канцэрт урачыстага адкрыцця: Мікалай Баскаў, Дзіма Білан, Валерый Леанцьеў, арт-група "Хор Турецкага", Таісія Павалій, Патрысія Каас, Дзідзье Маруані і група Space, пераможцы "Еўрабачання-2011" азербайджанскі дуэт Эл & Нікі. Беларусь на канцэрце-адкрыцці прадставяць ансамблі "Песняры" і "Сябры", Мікалай Скорыкаў, Ірына Дарафеева, Анастасія Вінакова, Данііл Казлоў, танцавальныя і харэаграфічныя калектывы.
У першы дзень фестывалю на Алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" загарыцца зорка народнага артыста СССР, кампазітара Ігара Лучанка. Спецыяльная ўзнагарода была заснавана ўказам кіраўніка дзяржавы ў 2005 годзе. Яна ўручаецца дзеячам культуры і мастацтва, творчым калектывам, арганізацыям, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, прапаганду дасягненняў і ўзораў сусветнай мастацкай культуры, заснаваных на гуманістычных ідэалах і каштоўнасцях.
Арганізатары фестывалю падрыхтавалі цудоўны падарунак тэатралам. Для іх свае спектаклі прывязуць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Маскоўскі акадэмічны тэатр імя У. Маякоўскага, прадзюсарская кампанія "Аметыст", Міжнародны тэатральны цэнтр "Шанс", тэатр Рамана Віцюка. Для фестывальнай публікі будуць іграць Кацярына Васільева, Яўгенія Сімонава, Вольга Пракаф'ева, Яраслаў Бойка, Данііл Співакоўскі.
З 1996 года фестываль дорыць сустрэчу з самым масавым мастацтвам - кіно. На юбілейным "Славянскім базары" свае праекты прадставяць кінематаграфісты Беларусі, Расіі і Літвы. Гледачы ўбачаць мастацкі фільм "Рыжык у люстэрку" вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" і сустрэнуцца з яго рэжысёрам Аленай Туравай. Расійскі мультыплікацыйны фільм "Маша і Мядзведзь" прадставіць Аліна Кукушкіна, якая агучыла адну з роляў. Мастацкі фільм літоўскага рэжысёра Ціціяса Лукшаса "Амут" (Літва) пакажа ў Віцебску прадзюсар Арунас Стошкус.
Саюзная дзяржава ўдзельнічае ў фінансаванні "Славянскага базару ў Віцебску" з 1998 года. Дзень Саюзнай дзяржавы пройдзе на цяперашнім форуме 10 ліпеня. У яго мерапрыемствах возьмуць удзел дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін, дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, якія правядуць спецыяльную прэс-канферэнцыю, сустрэнуцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, ускладуць кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Віцебску, наведаюць шэраг дзіцячых устаноў Віцебскай вобласці.
У межах Дня Саюзнай дзяржавы адбудуцца прэзентацыя саюзных СМІ і інфармацыйных праектаў, сустрэча з намінантамі на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2011-2012 гады. А ўвечары ў Летнім амфітэатры пройдзе канцэрт "Сябры" збіраюць сяброў", у якім акрамя праслаўленага беларускага ансамбля возьмуць удзел Аляксандра Пахмутава, Мікалай Дабранараваў, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Ірына Дарафеева, Руслан Алехна, ансамбль "Самацветы" і іншыя вядомыя беларускія і расійскія артысты.
У фестывальную мітусню ўнясуць інтрыгу дарослы і дзіцячы конкурсы выканаўцаў эстраднай песні. У юбілейным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" возьмуць удзел 20 маладых спевакоў, якія прайшлі строгі папярэдні адбор, з 20 дзяржаў. Беларусь на гэтым конкурсе прадставіць пераможца нацыянальнага адборачнага тура 25-гадовая Алена Ланская. У дзіцячым конкурсе возьмуць удзел 23 юныя таленты з 20 краін. У адпаведнасці з умовамі конкурсу Беларусь, Расія і Украіна дэлегуюць на яго па два канкурсанты. За Беларусь будуць выступаць 10-гадовая Аня Атрошчанка і 9-гадовая Саша Няхай.
Галоўная сцэна юбілейнага фестывалю - Летні амфітэатр уразіць гледачоў тэхнічнымі спецэфектамі. Распрацавана арыгінальная сцэнаграфія з выкарыстаннем сучасных святлодыёдных экранаў, панэляў, свяцільных пакрыццяў, падчас канцэртаў канфігурацыя сцэны будзе мяняцца. Сучасныя тэхналогіі зробяць выступленні яркімі, відовішчнымі для тых, хто сядзіць у зале і больш эфектнымі для тэлегледачоў.
Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь на працягу ўсіх гадоў існавання фестывалю застаецца яго галоўным вяшчальнікам. Сёлета ў эфіры Першага, "Лада", "Беларусь-ТВ" і Беларускага радыё будуць транслявацца адкрыццё і закрыццё фестывалю, міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні, гала-канцэрты майстроў мастацтваў, юбілейныя і сольныя канцэрты. Арыентавацца ў падзеях гледачам дапамогуць спецыяльныя дзённікі, якія стартуюць у эфіры Першага канала 8 ліпеня. Спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь-ТВ" дазволіць убачыць канцэрты "Славянскага базару" жыхарам іншых краін і кантынентаў. Па традыцыі актыўна ўдзельнічае ў асвятленні мерапрыемстваў міжнароднага фестывалю мастацтваў Беларускае радыё. Дзённікі, інфармацыйныя і музычныя праграмы заplanуемы на Першым нацыянальным канале, канале "Культура", радыёстанцыях "Беларусь", "Сталіца" і "Радыус-FM". У вячэрнім эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё 8 ліпеня - прамая трансляцыя канцэрта адкрыцця фестывалю.
На юбілейным фестывалі акрэдытавана каля 500 прадстаўнікоў розных сродкаў масавай інфармацыі, з іх 400 журналістаў. Геаграфія журналісцкай супольнасці шырокая: Беларусь, Азербайджан, Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Кітай, Латвія, Літва, Польшча, Расія, ЗША, Украіна, Узбекістан, Эстонія.
Сотні рамеснікаў і мастакоў стануць удзельнікамі Горада майстроў на "Славянскім базары ў Віцебску". Традыцыйнымі пляцоўкамі для размяшчэння народных майстроў і рамеснікаў стане вуліца Чайкоўскага, якая вядзе да цэнтра "Дзвіна", і пляцоўкі каля канцэртнай залы "Віцебск". Стаўшыя нядаўна пешаходнымі старадаўнія вуліцы Талстога і Суворава ператварацца ў салон пад адкрытым небам, дзе свае тварэнні выставяць каля 100 мастакоў.
Урачыстае закрыццё фестывалю адбудзецца 14 ліпеня.-0-