Фестываль калядных песень і каталіцкая алімпіяда. Біскуп Алег Буткевіч распавёў пра святкаванне каталіцкага Раства на Віцебшчыне
Сёлета кіраўнік Віцебскай каталіцкай епархіі ўзначаліць святую імшу ў касцёле Святой Варвары, адкуль абласное тэлебачанне будзе весці прамую трансляцыю. Пачатак службы 24 снежня ў 21.30. Урачыстыя набажэнствы адбудуцца ва ўсіх касцёлах вобласці.
Ад каталіцкага да праваслаўнага Раства на Віцебшчыне пройдуць Дні хрысціянскай культуры, у межах якіх будуць адкрыты выставы дзіцячай творчасці, арганізаваны конкурсы батлеек, калядных песень.
Сярод асноўных падзей мінулага года Алег Буткевіч назваў наведванне прыходаў, размовы з вернікамі, якія пакінулі незгладжальныя ўражанні, канферэнцыю біскупаў Беларусі, якая прайшла ўпершыню ў Віцебску, сустрэчы з Папам Рымскім Францішкам.
У наступным годзе каталікі прыдзвінскага краю адзначаць тры важныя даты: 20-годдзе з дня ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі, якую дабраславіў Папа Рымскі Ян Павел II, 10-годдзе асвячэння катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага ў абласным цэнтры і 10-годдзе каранацыі абраза Божай Маці «Уладарка азёраў» у Браславе.
У 2019-м плануецца адкрыць новы касцёл у Бешанковічах, закладваецца падмурак храма ў Паставах, вядуцца праектныя работы па ўзвядзенні каталіцкай царквы ў мікрараёне Білева.
Падзяліўся біскуп тым, як ідуць справы па аднаўленні ў гістарычнай частцы Віцебска касцёла Святога Антонія. Сёлета былі праведзены археалагічныя даследаванні на месцы храма, падчас якіх часткова раскрылі падмурак. Пакуль канчаткова не вырашанае пытанне аб прадастаўленні зямлі, з-за гэтага зацягваюцца перадпраектныя работы і пачатак збору сродкаў.
Алег Буткевіч распавёў пра некаторыя мерапрыемствы, якія пройдуць у новым годзе і будуць накіраваны на духоўнае развіццё вернікаў. У прыватнасці, яны прысвечаны каталіцкім мучанікам з Росіцы Верхнядзвінскага раёна, Беразвечча Глыбоцкага. Працягнецца практыка паломніцтва да святых месцаў.
У 2019-м на Віцебшчыне ўпершыню будзе арганізаваны конкурс на веданне Святога Пісання – нешта накшталт каталіцкай алімпіяды
У 2019-м на Віцебшчыне ўпершыню будзе арганізаваны конкурс на веданне Святога Пісання – нешта накшталт каталіцкай алімпіяды, у якой возьмуць удзел дзеці з усіх парафій. Вынікі інтэлектуальнага турніру падвядуць напярэдадні Вялікадня.
У апошнія дні снежня, падкрэсліў кіраўнік каталіцкай епархіі, асаблівай увагай будуць акружаны самотныя людзі, інваліды і, вядома, дзеці. Свята Божага Нараджэння прыходзіць у кожны дом і напаўняе сэрцы людзей радасцю і любоўю.