Фестываль міжкультурных камунікацый для школьнікаў упершыню пройдзе ў Віцебскай вобласці

25 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Фестываль міжкультурных камунікацый плануецца ўпершыню правесці ў Віцебскай вобласці ў новым навучальным годзе, а ў далейшым зрабіць яго традыцыйным для навучэнцаў сярэдніх школ, якія актыўна вывучаюць замежныя мовы. Пра гэта паведаміла сёння метадыст Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ніна Клокава на абласным семінары "Тэхналогіі работы з новымі вучэбна-метадычнымі комплексамі па французскай мове", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Мяркуецца, што фестываль будзе двухдзённым. Ён будзе ўключаць выкананне некалькіх творчых работ на замежнай мове, якую вывучаюць дзеці ў школе. Так, патэнцыйным удзельнікам будзе прапанавана выканаць і зрабіць прэзентацыю сродкаў масавай камунікацыі (друкаванае выданне, электронная газета), пры гэтым аднымі з галоўных крытэрыяў ацэнкі работы будуць крэатыўнасць падыходу да вырашэння задання і інфармацыйная насычанасць. Яшчэ адным этапам фестывалю плануецца зрабіць конкурс гідаў, якім трэба будзе расказаць на замежнай мове пра незвычайныя турыстычныя маршруты, славутасці Беларусі і роднай Віцебшчыны. Сярод магчымых конкурсаў прадугледжваецца правядзенне творчых спаборніцтваў дэкламатараў, школьных тэатральных калектываў, а таксама своеасаблівай фабрыкі зорак, на якой будуць прадстаўлены спеўныя і танцавальныя таленты школьнікаў. Сёння якаснае валоданне замежнымі мовамі неабходна кожнаму чалавеку для ўваходжання ў адкрытую інфармацыйную прастору, забеспячэння сацыялізацыі ў сучасным полікультурным асяроддзі. Правядзенне такога мерапрыемства будзе спрыяць удасканаленню арганізацыі адукацыйнага працэсу па замежных мовах, лічыць Ніна Клокава. Адным з арганізатараў семінара будзе выступаць Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі. На абласным семінары ў Віцебску разглядаюцца новыя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу па французскай мове на аснове нацыянальных вучэбна-метадычных комплексаў. У ходзе мерапрыемства адбудзецца майстар-клас прафесара кафедры граматыкі французскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Дзіны Вадзюшынай. Таксама пройдзе прэзентацыя вопыту работы кафедры французскай мовы гімназіі №9 Віцебска, у тым ліку будзе прадстаўлены спектакль школьнага тэатра, які атрымаў Гран-пры на фестывалі франкафонных тэатраў у Мінску.-0-