Фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» у Полацку адкрыецца знакамітай італьянскай кантатай і новымі імёнамі

Знакамітая духоўная кантата Stabat Mater выдатнага італьянскага кампазітара Джавані Батыста Перголезі ўпершыню цалкам прагучыць у Сафійскім саборы Полацка. 29 кастрычніка тут адкрываецца XXII Міжнародны фестываль арганной музыкі «Званы Сафіі», дзе выступяць выканаўцы з шасці краін.

Stabat Mater апавядае пра пакуты Панны Марыі падчас распяцця Ісуса Хрыста і адрозніваецца асаблівай пранікнёнасцю. Паводле легенды, крыніцай натхнення для кампазітара паслужыла асабістая драма. Любімая дзяўчына, на шлюб з якой яе бацькі не далі згоды, пайшла ў манастыр, а неўзабаве памерла.

Ствараючы музыку, аўтар глядзеў на выяву Мадонны, дзіўным чынам падобную на каханую, і ніяк не мог давесці сваю працу да дасканаласці. Праўкі ў твор, які пасля назвалі адным з шэдэўраў сусветнай музычнай культуры, ён уносіў да апошніх дзён жыцця, якое абарвалася ўсяго ў 25 гадоў.

Пад скляпеннямі Сафійскага сабора Stabat Mater прагучыць разам з іншымі творамі італьянскай музыкі на ўрачыстым адкрыцці фестывалю. Сваімі талентамі гледачоў у гэты дзень парадуюць салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь Таццяна Гаўрылава і Наталля Акініна, а таксама полацкая арганістка Ксенія Пагарэлая і камерны аркестр «Еўропа-Цэнтр» пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава.

Сёлета, як адзначыла загадчыца канцэртным аддзелам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Алена Мартынава, свята музыкі адкрые новыя імёны выканаўцаў, якія ўпершыню выступяць у Беларусі.

Пры падтрымцы пасольства Швецыі ў Полацк прыедзе арганіст Ёргэн Ліндстрём, сумесна з Інстытутам Гётэ ў Мінску арганізаваны канцэрт Мікалая Гершака з Германіі. Расію прадставяць Анастасія Быкава і Тамара Ягорава, Нідэрланды – Альберт Визгерхоф, Польшчу – прэзідэнт Беластоцкай асацыяцыі Musica Sacra Юзаф Катавіч.

"Віцебскія весці".