Фестываль #Піянэрыя100 сабраў самых актыўных і крэатыўных дзяцей Віцебскай вобласці

Фестываль творчасці #ПіX00 сабраў самых актыўных, паспяховых, крэатыўных дзяцей з розных рэгіёнаў Віцебшчыны, а таксама іх дарослых гасцей. Удзельнікі свята, арганізаванага на базе абласнога палаца дзяцей і моладзі, ярка адзначылі векавы юбілей самага масавага дзіцячага руху Беларусі. Яны спявалі, танцавалі, рабілі незабыўныя здымкі ў фотазонах БРПА, змагаліся за перамогу ў мультквізе і малявалі талісман нашай піянерыі — рысенка Агонька.

Сярод тых, хто трапіў сёння ў атмасферу урачыстасці, усмешак, дружбы і шчасця разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, былі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч. Цяперашнім дарослым фестываль нагадаў пра тое, якім было іх уласнае піянерскае дзяцінства.

— Дагэтуль памятаю, як мы рыхтаваліся да ўступлення ў піянеры, як вучылі клятву. Памятаю дзень, калі мне ў першы раз завязалі піянерскі гальштук, і з якой гордасцю мы яго насілі, — адзначыў Аляксандр Субоцін. — Усе разумелі, што піянерскі гальштук — гэта часцінка нашага сцяга, сцяга нашай краіны.

Пакідаючы святочнае пажаданне побач з аўтографамі іншых удзельнікаў свята, кіраўнік вобласці напісаў вядомы дэвіз «Будзь гатовы!».

— Каб піянеры заўсёды былі гатовыя і вучыцца, і дапамагаць, падстаўляць плячо, і стаць сапраўднымі грамадзянамі Беларусі, — растлумачыў старшыня аблвыканкама.

Пра слаўныя традыцыі, якія сёння працягваюць піянеры, нагадала старшыня абласнога савета БРПА Ірына Елянская.

— Праз выхаванне піянерскай арганізацыяй прайшлі мільёны людзей, сярод іх вучоныя з сусветным імем, героі працы і спорту, —падкрэсліла яна. — Важна, каб сучаснае пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак памятала пра мінулае, годна жыло ў сучаснасці і выразна бачыла сваю будучыню, ведала праўду і свядома, горда насіла на грудзях піянерскі гальштук.

 

"Віцебскія весці".