Фестываль сельскага турызму "Заборскі фэст" пройдзе ў чэрвені ў Віцебскай вобласці

18 мая, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Фестываль сельскага турызму "Заборскі фэст" пройдзе ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці 13-14 чэрвеня. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Расонскага райвыканкама Аксана Патапава. У першы дзень удзельнікі фестывалю збяруцца ў вёсцы Забор'е: весяліць гледачоў будуць як мясцовыя артысты, так і запрошаныя музычныя калектывы з Мінска. Акрамя таго, свае работы і вырабы дэкаратыўна-прыкладного мастацтва прадэманструюць народныя майстры. У другі дзень фестываль перамесціцца ў іншыя вёскі і пасёлак Расонскага раёна. Усе жадаючыя змогуць наведаць партызанскую зямлянку або дом-музей партызанскай славы. Акрамя таго, у рамках фестывалю адбудзецца "Свята рыбака" на возеры Белае Юхаўскае. Правядзенне "Заборскага фэсту" накіравана на падтрымку малой прадпрымальніцкай дзейнасці ў індустрыі аграэкатурызму. Арганізатары фестывалю таксама ставяць перад сабой мэту дапамагчы мясцоваму насельніцтву. "Хтосьці прымае турыстаў, хтосьці вырабляе малочныя прадукты, хтосьці захоплены рамяством - сельскі турызм спрыяе таму, каб людзі, якія займаюцца тым, што ім падабаецца, маглі на гэтым зарабіць", - лічыць Аксана Патапава. Фестываль арганізаваны дэпартаментам па турызме Міністэрства спорту і турызму сумесна з Віцебскім аблвыканкамам і Расонскім райвыканкамам. Акрамя беларусаў у мерапрыемстве прымуць удзел замежныя дэлегаты.-0-