Фестываль творчасці студэнцкіх атрадаў упершыню пройдзе ў Віцебскай вобласці
У Віцебскай вобласці ўпершыню пройдзе фестываль творчасці студэнцкіх атрадаў.
У ім возьмуць удзел каманды, сфармаваныя з членаў студатрадаў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў Прыдзвіння. На працягу двух дзён, 17 і 18 кастрычніка, хлопцы і дзяўчаты будуць дэманстраваць свае таленты і здольнасці. У праграме – конкурс на лепшую атрадную песню, спаборніцтва візітовак і відэаролікаў «Адзін дзень з жыцця студатрада». Будуць выбраны самая цікавая экіпіроўка – форма адзення і выкарыстанне сімволікі, а таксама лепшыя здымкі па выніках фотакросу. У гэтых катэгорыях трэба будзе вынесці вердыкт кампетэнтнаму журы, а вось найбольш таленавітага ўдзельніка фестывалю вызначаць самі студэнты ў спецыяльным «Шоу талентаў».
Як паведамілі ў абласным камітэце БРСМ, на мерапрыемства запрошаны госці з Санкт-Пецярбурга – прадстаўнікі рэгіянальнага аддзялення моладзевага агульнарасійскага грамадскага аб'яднання
«Расійскія студэнцкія атрады» з мэтай абмену вопытам і ўмацавання сувязяў.Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"