Фестываль Viva Braslav у трэці раз збярэ спартсменаў і музыкаў
Спартыўна-музычны фестываль Viva Braslav адбудзецца 25 ліпеня на цэнтральным пляжы Браслава. Сёлета ён збярэ прыхільнікаў музыкі і здаровага ладу жыцця трэці раз.
А 11.00 пачнуцца спаборніцтвы па пляжным футболе, пляжным валейболе і алімпійскім крос-кантры. А ўвечары, з 18.00, стартуе музычная частка фестывалю.
На браслаўскае свята музыкі прыедуць украінская каманда "Бумбокс" і вядомы расійскі дыджэй-прадзюсар Аляксандр Папоў. Адзін з апошніх яго хітоў Steal You Away сумесна з Dash Berlin сабраў амаль 2,5 млн праглядаў на Youtube і трапіў у ратацыю MTV.
Галоўны хэдлайнер фестывалю - зорка галандскай транс-музыкі Марк Сіксма (Mark Sixma). Яго трэкі выпускаюцца на лэйблах Armada, Blackhole Recordings і Fektiv, іх граюць знакамітыя дыджэі.
Увесь склад удзельнікаў абвесцяць пазней, але ўжо вядома, што музычная частка Viva Braslav працягнецца да 4 гадзін раніцы.
У праграме фестывалю таксама агнявое і святлодыёднае шоу, феерверк і выступленні танцоркаў go-go. Будуць працаваць аквапарк і чэшскі лунапарк.
Для паездак на Viva Braslav арганізуюцца спецыяльныя аўтобусныя туры з усіх рэгіёнаў Беларусі. Як і дзе набыць білеты, глядзіце на сайце фестывалю.