Фестываль "Заборскі фэст" адкрые сезон сельскага турызму ў Расонскім раёне

9 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Фестываль "Заборскі фэст" адкрые сезон сельскага турызму ў Расонскім раёне 13 чэрвеня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Расонскага райвыканкама Галіна Падвіцельская. Па традыцыі, адбудзецца прэзентацыя сядзіб, гатовых да прыёму турыстаў. Цяпер іх у раёне налічваецца 27, пры гэтым 14 з іх для далейшага развіцця свайго агратурыстычнага бізнесу скарысталіся магчымасцю атрымання спецыяльных крэдытаў. Упершыню сёлета адміністрацыя раёна правядзе ўзнагароджанне пяці лепшых сядзіб па арганізацыі побыту і вольнага часу турыстаў. Апафеозам двухдзённага фестывалю сельскага турызму стане "Свята рыбака", якое пройдзе 14 чэрвеня на возеры Белым. Арганізатары абяцаюць рыбакам добры ўлоў і прызы за перамогі ў некалькіх намінацыях, а тым, хто будзе чакаць юшкі, - незабыўны адпачынак з катаннем на лодках, спартыўнымі гульнямі і вясёлымі конкурсамі. Гасцямі фестывалю стануць турфірмы і турысты, якія азнаёмяцца з магчымасцямі расонскіх сельскіх сядзіб па арганізацыі даступнага і прыемнага адпачынку. Летась у раёне пабывалі каля 1 тыс. турыстаў.-0-