Фестываль "Званiць цымбалы i гармонiк" у Паставах будзе ўвекавечаны ў камнi
30 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Фестываль "Звiняць цымбалы i гармонiк" у Паставах будзе ўвекавечаны ў каменi, паведамiлi карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Пастаўскага райвыканкама.
Скульптурную групу, якая сiмвалiзуе фестываль, вырабiлi студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў (Мiнск) падчас пленэру каменячосаў, арганiзаванага ў Паставах падчас форуму. Кампазiцыя ўяўляе сабой расцягнутую гармонь, устаноўленую на вялiкiм валуне, з якiх выступаюць па баках музычнага iнструмента сiлуэты музыкаy - мужчыны i жанчыны. Побач размешчаны нотны стан, на якiм адлюстраваны ноты пазыўных фестывалю. Урачыстае адкрыццё помнiка адбудзецца 9 чэрвеня каля Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў. На святочнай цырымонii школе будзе урачыста прысвоена iмя Антонія Тызенгаўза.
Мiжнародны фестываль народнай музыкi "Звiняць цымбалы i гармонiк" пройдзе сёлета 8-10 чэрвеня. На свяце збяруцца каля 500 гасцей i ўдзельнiкаў з Беларусi, Расii, Украiны, Лiтвы, Латвii, Эстонii, Польшчы i Казахстана. Праграма форуму, якая ўключае шматлiкiя мерапрыемствы, пройдзе пад знакам падвойнага юбiлею: фестываль адзначыць 15-годдзе прысваення яму статусу мiжнароднага i 130-годдзе з дня нараджэння класікаў беларускай лiтаратуры Янкi Купалы i Якуба Коласа.
Упершыню на фестывалi адбудзецца конкурс мастацкай творчасцi "Кнiжны фэст" сярод устаноў адукацыi раёна. На вялiкiм кнiжным вiдары будзе прапанаваны шырокi выбар выданняў беларускiх аўтараў, у тым лiку сучасных. На творчых пляцоўках горада i раёна выступяць прафесiйныя i самадзейныя калектывы народнай музыкi i песні з розных краiн: Нацыянальны акадэмiчны народны аркестр Рэспублiкi Беларусь iмя Жыновiча, Нацыянальны акадэмiчны хор Рэспублiкi Беларусь iмя Цiтовiча, ансамблi званарёў i "Талака", Дзяржаўны ансамбль песні, музыкi i танца Lietuva (Вiльнюс), моладзевая група "Калодзiй" (Украiна) i iнш. Нязмiннай папулярнасцю карыстаецца таксама маштабнае тэатралiзаванае прадстаўленне "Пастаўскi баль", выстава ў Горадзе майстроў, гульнёвыя пляцоўкi, конкурс калектываў i выканаўцаў на народных iнструментах "Хто каго?".-0-