Фестывальны Віцебск і курортны Геленджык будуць развіваць эканамічныя сувязі
20 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Фестывальны Віцебск і курортны Геленджык (Краснадарскі край Расійскай Федэрацыі) сёння падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сумесна з пагадненнем намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Уладзімір Яравікоў і кіраўнік муніцыпальнага ўтварэння горад-курорт Геленджык Віктар Хрэсцін падпісалі праграму рэалізацыі пагаднення, якая прадугледжвае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы, культуры, адукацыі, спорце і турызме. У прыватнасці, прамысловыя прадпрыемствы Віцебска і Геленджыка атрымаюць магчымасць прадстаўляць сваю прадукцыю на рэгіянальных выстаўках і будуць наладжваць прамыя гандлёвыя кантакты па схеме вытворца-спажывец. Ужо ў ліпені, у дні правядзення фестывалю "Славянскі базар у Віцебску", Геленджык правядзе прэзентацыю сваіх інвестыцыйных праектаў.
Віктар Хрэсцін у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў зацікаўленасць ва ўсталяванні дзелавых сувязяў з прамысловымі прадпрыемствамі Віцебска. Развітыя ў курортным горадзе гасцінічны бізнес і сфера грамадскага харчавання маюць патрэбу ў якасных тэкстыльных вырабах і прадуктах харчавання. Прадукцыя акцыянернага таварыства "Віцебскія дываны", прадпрыемстваў швейнай галіны і мяса-малочнай прамысловасці можа знайсці свайго спажыўца ў Краснадарскім краі, упэўнены суразмоўца. Адміністрацыя Геленджыка мае намер таксама прапанаваць абутковаму вытворцу "Белвест" у гэтым годзе адкрыць фірменны магазін у курортным горадзе.
Акрамя таго, па словах Віктара Хрэсціна, адміністрацыю курорта цікавіць вопыт жыллёва-камунальных службаў Віцебска ў азеляненні і добраўпарадкаванні гарадскіх тэрыторый.
У сваю чаргу Геленджык гатовы арганізаваць спецыяльную прапанову ў санаторна-курортнай сферы для турфірм і прадпрыемстваў абласнога цэнтра. Вытворцы вінаградных він зацікаўлены ў асваенні беларускага рынку.
Прадстаўнікі Геленджыка падчас візіту азнаёмяцца з працай СААТ "Белвест" і прадпрыемстваў-рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск", пабываюць на прадпрыемстве "Віцязь", а таксама наведаюць культурныя славутасці Віцебска. Візіт завершыцца 21 красавіка.-0-