Фестывальны Віцебск запрашае на паказ новых карцін беларускіх кінематаграфістаў

15 ліпеня, Мінск /Кацярына Сідзелава - БЕЛТА/. Фестывальны Віцебск сёння запрашае гасцей свята мастацтваў у кіназалы на паказ новых карцін беларускіх кінематаграфістаў. Тры кінатэатры горада пазнаёмяць з працамі, якія ўбачылі свет на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" у гэтым годзе. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар кінастудыі Валянціна Белякова. Паказ пачнецца з дзіцячай карціны - у Доме кіно чакаюць выбарачную і шчырую публіку паглядзець фільм "Навагоднія прыгоды ў ліпені" рэжысёраў Алены Туравай і Івана Паўлава. Прадставіць карціну прыйдзе адзін з яе стваральнікаў Іван Паўлаў. У гэтым жа кіназале госці змогуць убачыць працу вядомага беларускага рэжысёра Аляксандра Ефрэмава "Снайпер. Зброя адплаты". Баявік ужо здабыў прызнанне гледачоў і крытыкаў, якія адзначылі выдатную працу акцёрскага ансамбля. Удзел у праглядзе прыме акцёр фільма Барыс Гергалаў. Кінатэатр "Брыганціна" прадставіць гасцям фестывалю драму "Кадэт" рэжысёра Віталя Дудзіна. Гэтая праца "Беларусьфільма" сярод 14 конкурсных фільмаў, прадстаўленых на Першым кіеўскім міжнародным кінафестывалі, які прайшоў у пачатку чэрвеня, атрымала дыплом у намінацыі "За лепшы акцёрскі ансамбль". Завершыць фестывальны кінапаказ дэманстрацыя псіхалагічнай драмы "Інсайт" рэжысёра Рэнаты Грыцковай у кінатэатры "Мір". У гэтай карціне галоўную ролю сыграў вядомы ўкраінскі акцёр Багдан Ступка. -0-