Фехтоўшчык з Полацка заваяваў «золата» на Паралімпійскіх гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанейра
Наш зямляк у напружаным фінальным паядынку з лікам 15-14 атрымаў перамогу над Амарам Алі з Ірака. У вырашальнай сустрэчы сапернікі па чарзе захоплівалі лідарства, аднак развязку дуэлі ўпэўней правёў беларус. З поўным правам радасць спартсмена можа падзяліць трэнер Сямён Сушчын, які на працягу дзевяці гадоў вёў яго да такога поспеху.
Андрэй Праневіч атрымаў цяжкую траўму хрыбетніка ў 10-гадовым узросце і з тых часоў прыкаваны да інваліднай каляскі. У 24 гады пачаў займацца фехтаваннем. У 2014-м стаў чэмпіёнам Еўропы, у 2015-м і 2016-м заваёўваў бронзавыя медалі, адпаведна, на чэмпіянаце свету і першынстве Еўропы. Па выніках 2014-га Андрэй Праневіч прызнаны «Чалавекам года Палачаншчыны».
На дадзены момант у скарбонцы зборнай Беларусі на Паралімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра сем медалёў (5 залатых і два бронзавыя).
Сяргей Ляшук, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.