Філіял Банка развіцця Беларусі адкрыўся ў Віцебску

Филиал Банка развития Беларуси открылся в Витебске

Філіял ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" адкрыўся сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Віцебск стаў трэцім горадам, дзе адкрылася прадстаўніцтва гэтай фінансавай установы. Раней у гэтым годзе былі адкрыты філіялы ў Гродне і Магілёве.

"Стварэнне філіяльнай сеткі накіравана на аптымізацыю работы з кліентамі. Нягледзячы на сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і шырокія тэхнічныя магчымасці, кліентынг ніхто не адмяняў. Важна быць да кліента блізка, мець з ім зносіны і максімальна хутка вырашаць задачы", - падкрэсліў на цырымоніі адкрыцця філіяла ў Віцебску намеснік старшыні праўлення Банка развіцця Васіль Швед. Ён таксама адзначыў, што з улікам гэтых фактараў банк прыняў рашэнне аб адкрыцці філіялаў у рэгіёнах, а цяпер планамерна выконвае гэту задачу.

Васіль Швед звярнуў увагу на тое, што ў Віцебскай вобласці Банк развіцця фінансуе 12 інвестпраектаў, па якіх суб'екты гаспадарання рэгіёну асвоілі больш за палову з Br1 трлн. крэдытных сродкаў. Тры праекты, заказчыкамі якіх з'яўляюцца ААТ "Лепельскі малочна-кансервавы камбінат" (будаўніцтва малочна-таварнай фермы), РУП "Талачынскі кансервавы завод" (будаўніцтва бульбасховішча на 12 тыс.т), ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка" (праект рэканструкцыі птушнікаў), маюць высокую ступень рэалізацыі. Гатоўнасць у 50-60% маюць аб'екты будаўніцтва малочна-таварных ферм, заказчыкамі якіх з'яўляюцца ААТ "Ужыца-Агра" і ААТ "Аршанскі мясакансервавы камбінат".

"У цэлым за два гады работы Банк развіцця Беларусі выканаў шэраг сур'ёзных задач па мадэрнізацыі эканомікі рэспублікі, займаецца буйнымі інвестпраектамі", - сказаў Васіль Швед. Ён адзначыў, што толькі з пачатку гэтага года крэдытны партфель банка павялічыўся ў 1,7 раза і дасягнуў Br17,6 трлн.

У цырымоніі адкрыцця філіяла таксама прынялі ўдзел начальнік Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка па Віцебскай вобласці Лідзія Іванова, прадстаўнікі банкаў і прадпрыемстваў-партнёраў.

Вольга Багачова