Філіял беларуска-індыйскага навучальнага цэнтра IT-тэхналогій будзе створаны ў Віцебскім дзяржуніверсітэце

27 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рэгіянальны філіял беларуска-індыйскага вучэбнага цэнтра ў галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій будзе створаны да 2010/2011 навучальнага года ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дэкан матэматычнага факультэта ВНУ Алена Залесская. Праект рэалізуецца Паркам высокіх тэхналогій сумесна з індыйскім Цэнтрам распрацоўкі перадавых камп'ютарных тэхналогій (CDAC). Філіял плануецца адкрыць на базе матэматычнага факультэта для павышэння якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў у галіне IT-тэхналогій і ўдасканалення кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ. Спецыяльна абсталяваны клас на 10 працоўных месцаў дасць магчымасць максімальна выкарыстоўваць патэнцыял інфармацыйных тэхналогій у навучальным працэсе, удзельнічаць у відэа- і інтэрнэт-канферэнцыях, якія праводзяцца Паркам высокіх тэхналогій, а таксама атрымліваць актуальную інфармацыю па найноўшых тэндэнцыях і напрамках развіцця IT-тэхналогій, пераймаць перадавы вопыт у гэтай сферы. Спецкурс для студэнтаў матфака будзе чытаць выкладчык кафедры інфарматыкі і інфармацыйных тэхналогій ВДУ Наталля Савельева, якая зараз праходзіць стажыроўку ў Індыі. Выкладанне ў філіяле плануецца на англійскай мове, што таксама вельмі актуальна для падрыхтоўкі кваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў. "Будучым праграмістам неабходна валодаць англійскай, таму мы прадугледжваем дадаткова арганізаваць моўныя курсы, каб павысіць эфектыўнасць навучальнага працэсу", - адзначыла Алена Залесская. Праект па стварэнні Беларуска-індыйскага вучэбнага цэнтра прадугледжаны беларуска-індыйскім мемарандумам аб узаемаразуменні, падпісаным у верасні 2009 года. Цэнтр будзе дзейнічаць на базе Парка высокіх тэхналогій, а яго рэгіянальныя філіялы плануецца адкрыць, акрамя Віцебска, у Брэсце, Гродне і Гомелі.-0-