Філіял "Магілёўліфтмаша" у Бегамлі ўвёў у эксплуатацыю вытворчасць коштам Br7,4 млрд.
31 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. РУП "Бегамльскі завод "Ветразь" (Віцебская вобласць) - даччынае прадпрыемства РУП "Магілёўліфтмаш" - увяло ў эксплуатацыю вытворчую пляцоўку коштам Br7,4 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве прамысловасці Беларусі.
Вытворчасць створана з нуля на новым зямельным участку. У агульным аб'ёме фінансавання праекта больш за 70% сродкаў было накіравана на будаўніча-мантажныя работы. Пабудаваны вытворчы корпус плошчай больш за 2 тыс. кв.м, а таксама адміністрацыйны будынак і кацельня, якая будзе працаваць на мясцовых відах паліва. Фактычна гаворка ідзе пра будаўніцтва новага завода ў Бегамлі па выпуску камплектуючых для ліфтоў галоўнага прадпрыемства.
Увядзенне ў эксплуатацыю новых магутнасцей дазволіць "Ветразю" павялічыць вытворчасць у залежнасці ад патрэбы ў камплектуючых галоўнага прадпрыемства. Патэнцыял абноўленага "Ветразя" дазваляе давесці гадавы аб'ём выпуску прадукцыі да Br4 млрд. у супастаўных цэнах. Акрамя таго, першапачаткова тут будзе створана да 20 рабочых месцаў, а ў перспектыве прадугледжваецца павялічыць іх колькасць амаль удвая.
Стары вытворчы будынак прадпрыемства плануецца выкарыстоўваць для арганізацыі гасцінічнага комплексу, патрэбу ў якім даўно адчувае гарадскі пасёлак. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Докшыцкім райвыканкаме, цяпер прапрацоўваюцца пытанні праектавання і фінансавання праекта будаўніцтва гасцініцы.
РУП "Бегамльскі завод "Ветразь" у 2007 годзе стала даччыным прадпрыемствам РУП "Магілёўліфтмаш", да гэтага ўваходзіла ў склад віцебскага РУП "Маналіт".-0-