Фінал акцыі МУС "Сям'я! Служым разам!" пройдзе 14 кастрычніка ў Полацку
13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фінал акцыі Міністэрства ўнутраных спраў "Сям'я! Служым разам!", прымеркаванай да Дня маці, пройдзе 14 кастрычніка ў Полацку. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі.
Асноўнай мэтай акцыі з'яўляецца ўмацаванне міліцэйскіх сем'яў, падтрыманне здаровага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектывах і іх згуртаванне. На працягу двух апошніх месяцаў былі праведзены разнастайныя мерапрыемствы па ўсёй рэспубліцы. Кіраўнікі абласных упраўленняў і тэрытарыяльных аддзелаў міліцыі сустрэліся з сем'ямі сваіх падначаленых, а маці лепшых супрацоўнікаў уручылі падзячныя пісьмы. Не засталіся па-за ўвагай ветэраны службы і сваякі міліцыянераў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку.
Сотні малюнкаў на міліцэйскую тэматыку прадставілі на суд гледачоў юныя мастакі 6-16 гадоў. Паўсюдна прайшлі агляды-конкурсы на лепшую міліцэйскую сям'ю. Акрамя ведаў сямейнага і жыллёвага заканадаўства, журы ўлічвала вакальныя даныя кандыдатаў, умение гатаваць, маляваць, вышываць, а таксама фізічную падрыхтоўку ўсіх членаў сем'яў. Самымі таленавітымі, дружнымі, эрудаванымі і спартыўнымі былі прызнаны 11 сем'яў з розных міліцэйскіх падраздзяленняў рэспублікі.
Для пераможцаў акцыі і запрошаных у холе Палаца культуры "Полацк-Шкловалакно" будзе разгорнута экспазіцыя дзіцячых работ, выстава тэматычнай літаратуры па сямейна-бытавым і духоўна-асветніцкім выхаванні, фотаздымкаў аб спартыўных святах у органах унутраных спраў з удзелам членаў сем'яў супрацоўнікаў. Мерапрыемства адкрые намеснік міністра ўнутраных спраў Анатоль Курылец. Плануецца, што ў урачыстасцях возьмуць удзел архіепіскап Полацкі і Глыбокскі Феадосій і старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла. Сем'і-пераможцы будуць заахвочаны граматамі і каштоўнымі прызамі.-0-