Фінал Кубка Беларусі па футболе заўзятары змогуць наведаць бясплатна

22 мая, Мінск /Ігар Хадасевіч - БЕЛТА/. Фінальны матч розыгрышу Кубка Беларусі па футболе 2008-2009 гадоў адбудзецца 31 мая на мінскім стадыёне "Дынама". Гульня салігорскага "Шахцёра" і наваполацкага "Нафтана" пачнецца а 18.00, і ўваход на трыбуны будзе свабодны, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік прэс-службы асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Уладзімір Несцяровіч. Вырашальныя кубкавыя матчы амаль заўсёды праходзяць на галоўнай спартыўнай арэне краіны - са 17 папярэдніх фіналаў "Дынама" прымала 16. Толькі адзін раз фінал праводзіўся за межамі сталіцы: у 2002 годзе футбалісты "Гомеля" сталі ўладальнікамі Кубка на полі віцебскага стадыёна "Дынама", перамогшы барысаўскі БАТЭ з лікам 2:0. Найбольшую колькасць гледачоў - 15 500 - сабраў фінал 2005 года, калі сталічны МТЗ-РІПА ўзяў верх над БАТЭ з лікам 2:1. Самая нізкая наведвальнасць - 2500 гледачоў - была зафіксавана два разы: у 1992 годзе "Дынама" (Мінск) - "Дняпро" (Магілёў) - 6:1 і ў 1995 годзе "Дынама-93" (Мінск) - "Тарпеда" (Магілёў) - 1:1 (7:6, па пенальці). Для салігорскага "Шахцёра" маючы адбыцца фінальны матч стане чацвёртым у гісторыі. Праўда, поспеху гарнякі дамагліся толькі аднойчы, у 2004 годзе абыграўшы ў вырашальным паядынку "Гомель" - 1:0. А вось у 2006 і 2008 гадах салігорскія футбалісты саступалі БАТЭ (1:3) і МТЗ-РІПА (1:2). Наваполацкі "Нафтан" упершыню дайшоў да фіналу і гарыць жаданнем заваяваць ганаровы трафей. Уладальнік Кубка Беларусі атрымае права выступіць у розыгрышы Лігі Еўропы, якая ў гэтым сезоне прыходзіць на змену Кубку УЕФА.-0-