Фінал нацыянальнага адбору на конкурсы выканаўцаў «Славянскага базару ў Віцебску – 2019» пройдзе ў Воршы

Нацыянальны адбор на вакальныя конкурсы XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адбудзецца 16 сакавіка ў Оршы. Пра гэта vitvesti.by паведамілі ў дырэкцыі фестывалю.
 

Упершыню гэтая важная падзея пройдзе ў фармаце гала-канцэрта. На сцэне Аршанскага гарадскога цэнтра культуры «Перамога» змагацца за права прадставіць Беларусь на папулярным форуме будуць два дзясяткі фіналістаў, якія прайшлі папярэднія адборы на дзіцячы і дарослы вакальныя конкурсы.

Выступленні ўдзельнікаў заключнага этапу нацыянальнага адбору да XVII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск–2019» і XXVIII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск–2019» пачнуцца а 12.00 і 18.00 адпаведна. Усе канкурсанты выканаюць па два вакальныя творы, а прафесійнае журы вызначыць лепшых!

Для тых, хто, купіўшы квіткі, прыйдзе падтрымаць фіналістаў, у холе цэнтра культуры «Перамога» будзе працаваць выстава-кірмаш сувенірнай прадукцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Тут можна будзе, не чакаючы ліпеня, набыць шмат памятных дробязяў з сімволікай фестывалю – ад магнітаў і бранзалетаў да кружак і скарбонак.

"Віцебскія весці".