Фінал абласнога конкурсу «Песні юнацтва нашых бацькоў» стартуе ў Воршы

17 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Фінал Віцебскага абласнога конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні "Песні юнацтва нашых бацькоў" стартуе сёння ў Оршы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Аршанскага гарвыканкама Алег Смірноваўскі. У мерапрыемстве возьмуць удзел пяць вакальных гуртоў і 20 выканаўцаў ва ўзросце ад 16 да 31 года з Віцебска, Оршы, Полацка, Наваполацка, Віцебскага, Аршанскага, Полацкага, Глыбоцкага, Верхнядзвінскага, Гарадоцкага, Сенненскага і Чашніцкага раёнаў. Фіналісты вызначыліся ў ходзе зональных адборачных тураў, якія адбыліся ў лютым. У фінале ўдзельнікам трэба будзе выканаць па дзве папулярныя ў 1930-1992 гадах кампазіцыі, адна з якіх павінна быць грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі. Пераможцы вызначацца ў намінацыях "саліст-вакаліст" і "вакальны ансамбль". Акрамя таго, для заахвочвання найбольш яркіх выканаўцаў журы заснавала шэраг дадатковых прызоў за артыстычнасць, за лепшую аранжыроўку, за стварэнне лепшага сцэнічнага вобраза, за лепшае выкананне песні беларускіх аўтараў, а таксама прыз глядацкіх сімпатый. Завяршальны гала-канцэрт конкурсу адбудзецца 19 сакавіка ў Палацы культуры чыгуначнікаў Оршы. Мерапрыемства, прысвечанае 65-годдзю Вялікай Перамогі, праводзіцца з мэтай падтрымкі таленавітых маладых выканаўцаў, павышэння ўзроўню іх творчага майстэрства, патрыятычнага і эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення на лепшых узорах песеннага жанру мінулых гадоў. Арганізатарамі конкурсу выступаюць аддзел па справах моладзі і ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, Віцебскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці, Аршанскі гарвыканкам.-0-