Фінальны тур рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў пройдзе з 29 сакавіка па 3 красавіка
28 сакавіка, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Фінальны тур рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах пройдзе ў Беларусі з 29 сакавіка па 3 красавіка - у дні вясновых канікул. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Юрый Гладкаў.
Сёлета алімпіяда праводзіцца па 16 вучэбных прадметах. Спаборніцтвы па беларускай мове і літаратуры пройдуць у Мазыры, па рускай мове і літаратуры - у Гродне. Турніры па матэматыцы, фізіцы і астраноміі адбудуцца ў Віцебску. Алімпіяда па замежных мовах пройдзе на базе ўстаноў Бабруйска. Юныя праграмісты збяруцца ў Брэсце. Хімікі і біёлагі пакажуць свае веды і вопыт правядзення эксперыментаў на базе навучальных устаноў Гомеля. Юныя географы, гісторыкі і грамадазнаўцы прымуць удзел у алімпіядзе на базе баранавіцкіх устаноў адукацыі. Майстэрства ў працоўным навучанні навучэнцы прадэманструюць у Жодзіне.
Большасць спаборніцтваў былі праведзены ў два туры - тэарэтычны і практычны. З 2009 года ў рамках трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі праводзіцца дадатковы тур спаборніцтваў на англійскай мове. Яго мэта - адбор школьнікаў 9-11 класаў, якія валодаюць англійскай мовай, для іх наступнай падрыхтоўкі да ўдзелу ў міжнародных алімпіядах па геаграфіі. Навучэнцы выконваюць пісьмовыя заданні на англійскай мове, перакладаюць тэксты з міжнародных геаграфічных часопісаў. З імі праводзіцца сумоўе, якое ўключае аўдзіраванне. Паказаўшы добрыя веды па геаграфіі і англійскай мове, навучэнцы атрымліваюць магчымасць уключыцца ў сістэму паглыбленай падрыхтоўкі да міжнародных алімпіяд.
Як распавёў Юрый Гладкаў, у 2010 годзе пройдзе 60-я рэспубліканская алімпіяда па матэматыцы, 49-я - па фізіцы, 44-я - па хіміі, 27-я - па замежных мовах, 26-я - па беларускай мове, 25-я - па рускай мове, 23-я - па інфарматыцы, 22-я - па біялогіі, 21-я - па геаграфіі, 16-я - па астраноміі, 13-я - па гісторыі, 6-я - па грамадазнаўстве і працоўным навучанні.
У цяперашні час перамога навучэнца на заключным этапе алімпіяды дазваляе яму быць залічаным на пэўны факультэт ВНУ. "Але не варта забываць, што прэтэндэнт на перамогу ў прадметнай алімпіядзе павінен паспяхова выканаць больш за 50% заданняў", - нагадаў Юрый Гладкаў. Паводле яго слоў, спецыяльным прызам міністра адукацыі па кожным вучэбным прадмеце будзе ўзнагароджаны і найбольш паспяхова выступіўшы вясковы школьнік. Дарэчы, у гэтым туры прымуць удзел каля 1 тыс. 500 школьнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, ліцэя БДУ. Акрамя таго, на спаборніцтвы па рускай мове і літаратуры прыбудуць шэсць школьнікаў з Масквы (Расія), пяць навучэнцаў з Польшчы і трое з Літвы выпрабуюць свае веды ў алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.
Пры правядзенні заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды таксама плануецца правядзенне культурнай праграмы з наведваннем гістарычных і памятных месцаў, тэатраў і музеяў адпаведных населеных пунктаў, розных экскурсій, вечароў сустрэч і адпачынку. У межах правядзення заключнага этапу алімпіяды па вучэбных прадметах намечаны сумесныя мерапрыемствы з педагагічнай грамадскасцю і навучэнцамі навучальных устаноў.-0-