Фінальным канцэртам упершыню ў Мінску завершыцца акцыя БРСМ "Чарнобыльскі шлях - дарога жыцця"
7 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фінальным гала-канцэртам у Мінску завершацца 26 красавіка мерапрыемствы XXIII Міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы "Чарнобыльскі шлях - дарога жыцця" Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Удзел у ім возьмуць 220 юных талентаў з розных куткоў краіны. Праект фінішуе ў сталіцы ўпершыню: раней усе фінальныя канцэрты акцыі праходзілі на творчых пляцоўках у раённых цэнтрах Беларусі, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай і аналітычнай работы ЦК БРСМ.
У гэтым годзе праграма БРСМ, якая ахопіць 24 раёны Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай, Мінскай і Гродзенскай абласцей, рэалізуецца пад дэвізам "Дарога жыцця па роднай зямлі". Удзельнікамі праекта стануць больш за 5 тыс. жыхароў раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Свае майстэрства разам з артыстамі пакажуць больш за 500 таленавітых дзяцей і падлеткаў.
За гісторыю правядзення акцыі (у гэтым годзе ёй споўніцца 23 гады) у 29 раёнах, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы, а таксама ў раёнах-пабрацімах Расіі і Украіны прайшлі тысячы канцэртаў вядомых артыстаў і творчых калектываў рэспублікі. Галоўная мэта рэалізацыі праграмы - прафесійная дапамога таленавітым дзецям і падлеткам, якую ўдзельнікі акцыі штогод аказваюць на месцах, а таксама пастаянна дапамагаюць сваім падапечным у іх творчым росце і станаўленні. Дзякуючы гэтай праграме на вялікую сцэну краіны выйшлі Паліна Смалова, Ягор Валчок, Ягор Фарашчанка, Аляксандр Заўгародні, Андрэй Шумак, Стэла і інш.
Праграма "Чарнобыльскі шлях - дарога жыцця" ўключае ў сябе правядзенне для юных талентаў рэспубліканскіх акцый "У будучыню - з надзеяй", "Дзеці думаюць пра дзяцей", "Калядная ёлка". Дзякуючы гэтай акцыі створана цэлая сістэма культурнага абслугоўвання насельніцтва аддаленых рэгіёнаў Беларусі, забруджаных радыёнуклідамі, і галоўнае - выяўленне і падтрымка адораных дзяцей і падлеткаў, якія пражываюць тут.
Арганізатарамі акцыі разам з БРСМ з'яўляюцца дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры МНС Беларусі, міністэрствы культуры і адукацыі, Беларускі дзіцячы фонд.-0-