Фінансаванне інжынерна-транспартнай інфраструктуры да новабудоўляў у Віцебскай вобласці павялічана ўтрая

23 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Бюджэтнае фінансаванне інжынерна-транспартнай інфраструктуры да новабудоўляў у Віцебскай вобласці ў бягучым годзе павялічана ўтрая ў параўнанні з 2010 годам, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус. На падвядзенне камунікацый, дарог, будаўніцтва ліній электраперадачы з рэспубліканскага бюджэту выдзелена Br380 млрд. Гэтыя сродкі будуць накіраваны ў тым ліку на забеспячэнне інжынернай інфраструктуры ў раёнах індывідуальнай жылой забудовы. У бягучым годзе ў вобласці плануецца ўзвесці 830 тыс. кв. м жылля. Пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва па ўсёй вобласці выдзелена 4,7 тыс. зямельных участкаў, у тым ліку 647 - у Віцебску. У цяперашні час у стадыі будаўніцтва знаходзяцца 2,3 тыс. індывідуальных жылых дамоў. Уладзімір Белавус адзначыў, што ў 2010 годзе з 618 тыс. кв. м жылля 139 тыс. кв. м прыпадала на індывідуальныя дамы (у 2009 годзе гэта суадносіны складала 589 тыс. кв. м і 157 тыс. кв. м). Для больш актыўнага ўцягвання жыхароў вобласці, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у індывідуальнае будаўніцтва ў камітэце маюць намер праводзіць тлумачальную працу аб перавагах такога будаўніцтва, магчымасцях льготнага крэдытавання і атрымання зямельных участкаў. -0-