Фінансаванне сацыяльных праграм з бюджэту СГ у 2012 годзе павялічыцца амаль на 20%

8 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Фінансаванне сацыяльных дабрачынных праграм з бюджэту Саюзнай дзяржавы ў 2012 годзе павялічыцца амаль на 20% і складзе 800-900 млн. расійскіх рублёў. Аб гэтым паведаміў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін падчас наведвання Успенскага кафедральнага сабора Віцебска ў межах удзелу ў мерапрыемствах XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

У цяперашні час Саюзнай дзяржавай рэалізуецца каля дзесяці сацыяльных праграм, накіраваных на аказанне дапамогі абяздоленым грамадзянам, чарнобыльцам, састарэлым людзям, дзецям, шматдзетным сем'ям. "На іх фінансаванне штогод накіроўваецца парадку 750 млн. расійскіх рублёў, або $25 млн. У наступным годзе саюзным парламентарыям трэба будзе прыняць яшчэ некалькі сацыяльных праграм, таму асігнаванні на гэтыя мэты будуць толькі расці", - адзначыў Павел Барадзін.

Дзяржсакратар нагадаў, што рэалізацыя дабрачынных праектаў з'яўляецца адной з найважнейшых задач Саюзнай дзяржавы. "Мы стараемся рабіць усё магчымае для нашых людзей, дзяцей, усіх тых, хто мае патрэбу ў дапамозе", - падкрэсліў ён. У якасці прыкладу аднаго з шматлікіх дабрачынных праектаў Павел Барадзін прывёў 25 расійскіх і 25 беларускіх дзіцячых дамоў, якія знаходзяцца пад патранатам Саюзнай дзяржавы. Кожны год ім аказваецца дапамога абсталяваннем, тэхнікай, мэбляй. Акрамя таго, 10 ліпеня пры правядзенні Дня Саюзнай дзяржавы на міжнародным фестывалі "Славянскі базар у Віцебску" адбудзецца перадача двух аўтобусаў прадстаўнікам Велікалетчанскага дзіцячага дома і Сенненскай школы-інтэрната.-0-