Фінансавую падтрымку на адкрыццё сваёй справы ў Беларусі атрымалі ў I квартале 766 беспрацоўных

26 красавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Дзяржаўная служба занятасці Беларусі ў студзені-сакавіку аказала садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці 766 беспрацоўным (31,9% гадавога задання). Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў галоўным упраўленні палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Найбольш будучых бізнесменаў, якія атрымалі фінансавую падтрымку для старту прадпрымальніцкай дзейнасці, налічвалася ў Віцебскай вобласці (197 чалавек). На апошняй пазіцыі сярод рэгіёнаў краіны - горад Мінск (53 чалавекі). А максімальны паказчык выканання гадавога задання - у Мінскай вобласці (43,5%). Рэалізацыя гэтага напрамку дзейнасці спрыяе зніжэнню напружанасці на рынку працы. Пераважна будучыя бізнесмены і бізнес-лэдзі хочуць заняцца гандлем, грузаперавозкамі, рэкламнай дзейнасцю, аказаннем будаўніча-рамонтных паслуг, сталярнымі і цеслярскімі работамі, прадастаўленнем бытавых паслуг, у тым ліку цырульніцкімі і рытуальнымі, пашывам і рамонтам адзення і абутку, рамонтам бытавой тэхнікі. Механізм аказання фінансавай падтрымкі беспрацоўным для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці дзейнічае ў Беларусі на працягу некалькіх гадоў. У 2008 годзе яе атрымалі 2,7 тыс. беспрацоўных. У бягучым годзе для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і развіцця самазанятасці (у першую чаргу ў сферы паслуг) запланавана аказаць фінансавую падтрымку 2,4 тыс. беспрацоўных на аснове папярэдняга вывучэння іх дзелавых якасцей, кансультавання і навучання. Фінансавая падтрымка выдзяляецца беспрацоўным з разліку сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы і сацабароны, якія перадаюцца ў мясцовыя бюджэты на фінансаванне мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва. Органы па працы, занятасці і сацабароне аказваюць садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці беспрацоўным з улікам сацыяльна-эканамічнай сітуацыі і становішча на рынку працы ў рэгіёнах рэспублікі. Гэтая дапамога выяўляецца не толькі ў фінансавым забеспячэнні, але і ў арганізацыйным, метадычным. Маюцца на ўвазе інфармаванне беспрацоўных аб парадку і ўмовах садзейнічання ў адкрыцці сваёй справы, накіраванне на прафесійнае навучанне, а таксама дапамога беспрацоўным у падрыхтоўцы неабходных дакументаў для атрымання субсідыі. Як ужо паведамлялася БЕЛТА, з 1 студзеня 2009 года павялічаны памер субсідыі сельскім беспрацоўным пры арганізацыі імі прадпрымальніцкай дзейнасці з 11 да 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Прадугледжана магчымасць выдзялення субсідыі беспрацоўным, якія вырашылі арганізаваць бізнес не толькі ў выглядзе індывідуальнага прадпрымальніцтва, прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, але і сялянскай (фермерскай) гаспадаркі. Памер субсідыі будучым фермерам залежыць ад таго, дзе яны пражываюць: калі ў сельскай мяснасці, то яны атрымаюць па 15 БПМ, калі ў малых гарадах і населеных пунктах з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя (гэты пералік штогод вызначаецца дзяржаўнай і абласнымі праграмамі садзейнічання занятасці насельніцтва) - таксама 15 БПМ, у астатніх выпадках - 11 БПМ.-0-