Фінішавала XI міжгаліновая спартакіяда прафсаюзаў вобласці, прысвечаная 73-й гадавіне Перамогі
Кубак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за лепшую арганізацыю фізкультурна-спартыўнай і аздараўленчай работы па выніках 2017 года ўручаны Віцебскаму абласному аб’яднанню прафсаюзаў. Дарэчы, гэтай узнагароды яно ўдастоілася другі раз запар.
У краіне і вобласці ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю фізкультуры і спорту, здаровага ладу жыцця, будуюцца і абнаўляюцца спартыўныя аб'екты, з году ў год расце колькасць удзельнікаў масавых спаборніцтваў. Уклад у гэта ўносяць і прафсаюзы. Адным з пацвярджэнняў з'яўляецца міжгаліновая спартакіяда, якая стала добрай традыцыяй.
У урачыстай цырымоніі адкрыцця спартакіяды прынялі ўдзел начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Захарэвіч, старшыня ВААП Іван Возміцель, майстар спорту міжнароднага класа па цяжкай атлетыцы, удзельніца XXXI Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы ў 2017 годзе, шматразовы чэмпіён Беларусі Анастасія Міхаленка, член зборнай каманды Беларусі па кікбоксінгу, бронзавы прызёр першынства свету 2016 года, пераможца Кубка Еўропы ў 2017-м Яўген Чэрвінскі.
Упрыгажэннем праграмы сталі выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці Віцебскага раёна, УП «Віцебскаблгаз», а таксама выхаванцаў абласнога спортклуба прафсаюзаў.
Удзельнікі сёлетняй спартакіяды раўняліся на пераможцаў папярэдняй – каманды аб'яднанай прафорганізацыі УП «Віцебскаблгаз», абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аховы здароўя і прафсаюза работнікаў аб'яднанай раённай прафорганізацыі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі. Спаборнічалі 18 каманд галіновых прафсаюзаў, у тым ліку работнікаў АПК, транспарту і камунікацый, будаўніцтва і прамысловасці будматэрыялаў, галін прамысловасці і інш.
Усяго было прадстаўлена дзевяць відаў спорту. Наймацнейшай аказалася зборная абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аховы здароўя, на другім месцы – яе пастаянныя сапернікі з УП «Віцебскаблгаз», трэцяе заняла каманда абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Ім уручаны кубкі і дыпломы.
А па вялікім рахунку, як адзначалі і арганізатары спартакіяды, і спартсмены-аматары, тут няма прайграўшых. Бо галоўнае – удзел у спаборніцтвах, фізічная падзарадка арганізма, якую яны даюць, і, вядома ж, прыўзняты настрой, карпаратыўны дух.
ДАСЬЕ «ВВ»: З 13 вучэбна-спартыўных устаноў абласнога спортклуба ФПБ 11 маюць статус СДЮШАР. Пад кіраўніцтвам больш чым 250 трэнераў 22 відамі спорту займаецца звыш 5,2 тыс. навучэнцаў. У склад зборных Беларусі ўключана больш за 170 выхаванцаў, якія паспяхова выступаюць на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Летась падрыхтаваны адзін майстар спорту міжнароднага класа, тры майстры спорту, звыш 170 кандыдатаў у майстры спорту і першаразраднікаў. На міжнародных арэнах спартсменамі клуба заваявана пяць залатых, тры сярэбраныя і шэсць бронзавых медалёў.