Фінскія класічныя рамансы ўпершыню прагучаць на фестывалі імя І.Салерцінскага ў Віцебску
9 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Фінскія класічныя рамансы ўпершыню прагучаць на міжнародным музычным фестывалі імя І.Салерцінскага, які праходзіць у гэтыя дні ў Віцебску. Сёння на музычным форуме адбудзецца канцэрт вакальнай музыкі з удзелам фінскай спявачкі Сіні Туомісала, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік абласной філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ.
Віцебскія прыхільнікі класічнай музыкі ўпершыню пазнаёмяцца з музычнай культурай гэтай паўночнай краіны. Канцэрт на віцебскай сцэне таксама стане першым выступленнем у Беларусі для Сіні Туомісала. Яна атрымала класічную адукацыю па класе вакалу ў Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі, працавала ў Фінскай школе і Фінскім музычным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу, там жа запісала свой трэці альбом "Песні Арно Бабаджаняна". Спявачка актыўна гастралюе ў краінах Заходняй Еўропы і ў Расіі.
Для віцебскага фестывалю Сіні Туомісала падрыхтавала праграму, складзеную з фінскіх класічных рамансаў, а таксама старадаўніх рускіх рамансаў Міхаіла Глінкі, Пятра Чайкоўскага, Аляксандра Даргамыжскага і песень Мікаэля Тарывердзіева на вершы Марыны Цветаевай. У канцэрце возьме ўдзел лаўрэат міжнародных конкурсаў Яна Гранквіст (Санкт-Пецярбург). Акрамя класічнай музыкі, Сіні Туомісала вядомая ў Фінляндыі як заснавальніца гурта Blue Bossa, які выконвае боса-нову і джаз. Таму віцебскім гледачам падчас вячэрняга канцэрту можна чакаць сюрпрызаў.
XXII Міжнародны музычны фестываль імя І.Салерцінскага праходзіць у Віцебску з 2 па 22 снежня з удзелам музыкантаў з Беларусі, Расіі, Украіны, ЗША, Францыі, Ізраіля, Фінляндыі і Венесуэлы. Усяго ў фестывальнай афішы - 10 канцэртных праграм, а таксама XII Навуковыя чытанні фестывалю імя І.Салерцінскага і XX Міжнародныя Шагалаўскія чытанні.
Арганізатарамі міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салерцінскага выступаюць Віцебскі аблвыканкам, гарвыканкам і дзяржаўная канцэртная ўстанова "Віцебская абласная філармонія". -0-